“Пан Тадэвуш” вярнуўся ў Навагрудак
11 ліпеня 2015 года ў галерэі Кастуся Качана артысты Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы падаравалі жыхарам і гасцям Навагрудка незабыўныя імгненні. Паказ урыўка спектакля “Пан Тадэвуш” паводле паэмы Адама Міцкевіча стаў адной з самых яскравых культурных падзей лета на радзіме сусветна знакамітага паэта.
Артысты Павел Харланчук, Валянціна Гарцуева, Раман Падаляка, рэжысёр спектакля Мікалай Пінігін і шматлікія знакамітыя госці галерэі напоўнілі гэты летні дзень самымі цёплымі і светлымі эмоцыямі.
Дарэчы, для Мікалая Пінігіна паказ “Пана Тадэвуша” у Навагрудку стаў своеасаблівым вяртаннем Міцкевіча на радзіму. Нездарма ў паэме, створанай ў Парыжы, ёсць такія словы: “…тугою па табе тут вобраз твой ствараю”.
*Фота Ігната Качана.