Юлія Міцько прывезла ў Навагрудак лепшыя песні і вершы пра любоў

27 чэрвеня 2018 года яшчэ адно гучнае беларускае імя адкрыла для жыхароў і гасцей Навагрудка карцінная галерэя Кастуся Качана.

Канцэрт аўтарскай песні Юліі Міцько “Нам дапаможа Любоў” запомніўся гасцям арт-прасторы як падзея светлая і натхняльная.

Пра выкаўнаўцу кранальна напісала гаспадыня галерэі Жана Леановіч:

“Яна спявае душой… Яна нараджае свае песні ў сэрцы… Яна піша вершы,слухаючы Сусвет… Яна тонка адчувае прыгажосць, колер і дыханне жыцця… Яна – таленавітая, лірычная, прыгожая і загадкавая- Юлія Міцько…”

А пра саму сустрэчу выдатна распавяла госця галерэі Святлана Кошур:

“Напэўна, гэта сустрэча і павінна была адбыцца менавіта ў такім цудоўным месцы, якім стала для многіх аматараў мастацтва Карцінная галерэя Кастуся Качана ў Навагрудку. Наведаўшы яе аднойчы, падсвядома імкнешся зноў туды, дзе таленавіты мастак, уклаўшы ў сваё стварэнне шмат працы і часцінку сэрца, апантана імкнецца ўзняць культуру правінцыяльнага горада да сталічнага ўзроўню.

Сустрэчы з цікавымі людзьмі – неад’емная частка жыцця Карціннай галерэі Кастуся Качана. 27 чэрвеня сюды завітала таленавітая Юлія Міцько. Канцэрт аўтарскай песні з узнёслай назвай “Нам дапаможа Любоў” сабраў у гэты вечар шмат прыхільнікаў паэзіі і бардаўскай песні.

Чароўная Юлія шчодра дарыла слухачам непаўторны дар сваёй душы – вершы і песні, кожная з іх – шчырая споведзь жаночага сэрца, чулага, пяшчотнага, трапяткога. Гэта была размова аб паўсядзённым і вечным, аб каштоўнасцях чалавечага жыцця, аб любові і шчасці.

Адчувалася, што кожнае слова песні прайшло праз душу паэта, і гэта знаходзіла водгук у сэрцах слухачоў – абыякавых у зале не было, разам з бардам людзі ўсміхаліся і смуткавалі, радаваліся і спачувалі.

Боскі дар паэта – быць простай і зразумелай і ў той жа час імкнуцца ўзняць за сабой да вышыні Неба – прывабліваў і захапляў. У гэты вечар натхнёная выканаўца паяднала прысутных высокім пачуццём, галоўным для кожнага чалавека, пачуццём усеабдымнай Любові.Такі моцны зарад высокіх пачуццяў здольны прыўнесці ў свет больш дабра, разумення і спагады.

Хочацца пажадаць Юліі, каб творчы ўзлёт не прыпыняўся, каб пуцяводная зорка вяла яе да новых вышынь у творчасці”.

Фотаальбом “Нам дапаможа Любоў” гартайце ТУТ!

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *