Карцінная галерэя Кастуся Качана разам з сябрамі зладзіла традыцыйны калядны ранішнік для наваградскіх дзетак

🎄 19 снежня 2018 года ў карціннай галерэі Кастуся Качана прайшоў цудоўны калядны ранішнік для дзяцей з Наваградскай спецшколы-інтэрната. Нашы добрыя сябры, валанцёры з аграрнага каледжа разам з Генутэ Грыцутэ, падрыхтавалі і паказалі для ўсіх прыгожую і захапляльную калядную казку!

А таксама да дзяцей у госці прыходзіў дзед Міхед. Ён загадваў загадкі, ладзіў гульні, рабіў з хлопчыкамі і дзяўчынкамі святочныя сэлфі і нават іграў на гітары! Цудоўны і жартаўлівы дзед, вельмі спадабаўся ўсім.

Дзеці разам з дарослымі ўпрыгожвалі ёлку, спявалі песні, цешыліся гульнямі, гатавалі і каштавалі салодкія прысмакі, пілі сок і гарбату і шмат чаго яшчэ. І вядома, усе атрымалі калядныя падарункі! Было шчыра, утульна, добра і кранальна ад усмешак дзяцей і радасных слёз дарослых!

Традыцыйна гаспадыня галерэі Жана Леановіч звярнулася да сваіх памочнікаў з сардэчнымі словамі падзякі:

“Дарагія мае, добрыя, шчырыя, чулыя, САМЫЯ ЦУДОЎНЫЯ СЯБРЫ, дзякуй Вам за тое, што разам мы падарылі нашым дзеткам радасць, цяпло, любоў і пяшчоту! Дзецям гэта патрэбна больш нават, чым салодкія цукеркі! Яны гарнуліся да дарослых, як птушаняты пад крыльца матулі. Дзеткі ўдзячны Вам – Вольга Каржова, Генутэ Грыцутэ, Міхась Зізюк, Ірына Ходар, Вольга Пісар, Жэня ТВ, Марына Кулікоўская, Каця Ківач, Марына Мораўнутры, Людміла Фёдарава, Людміла Федарчук, Галіна Баран з сябрамі, кампанія “ЭкоНьюСнаб”, Ларыса Шляева, Мікіта Шляеў, Святлана Машкевіч, Ірына Дзянісік,Таццяна Абрамовіч, Алеся Юшкевіч, Верона Владыка, сябры і партнёры кампаніі “Платформа чат-ботов alfabot.xyz”, Андрэя Маслоўскі і калегі, Уладзімір Косік, Галіна Іосіфаўна, Маша Адзінцова, Вольга і Анатоль Ўайбакі, сям’я Чарняўскіх, Галіна Батурко, ксёндз Юрый, Ала Бас, Зоя Капытка, Анастасія Гленан, Кастусь Качан, Ігнат Качан (Мінск) і іншыя мілыя людзі. Дзякуй тым, хто на сваіх старонках публікаваў маю абвестку з просьбай аб дапамозе, дзякуй тым, хто чытае гэтыя радкі і радуецца разам з намі! Разам мы стварылі цудоўнае свята Любові і Дабрыні!”

Таксама гаспадары карціннай галерэі разам з сябрамі даехалі павіншаваць рабят у мясцовы дзіцячы сад-прытулак часовага ўтрымання і ў спецшколу-інтэрнат для дзяцей з праблемамі моўных зносін і псіхічнымі захворваннямі.

Фотаальбом “Калядная казка-2018” гартайце ТУТ!

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *