Майстар-клас у галерэі Кастуся Качана падарыў усім удзельнікам шчасце

❤ Стварыць камфорт дома – выключны талент кожнай жанчыны. Але важна, каб чароўныя спадарыні мелі магчымасць і, галоўнае, знаходзілі час уладкоўваць камфорт для сябе ў душы і наводзіць парадак у сваім сэрцы.

2 лістапада ўтульная гасцёўня галерэі Кастуся Качана прымала чарговы майстар-клас ад наваградскай чараўніцы з залатымі рукамі і дзівосным сэрцам Генутэ Грыцутэ па стварэнні лялек-абярэгаў “Шчасце”. Кожная з удзельніц прыйшла сюды са сваёй гісторыяй і настроем. Розныя па лёсах, узростах, прафесіях і характарах, але адначасова такія аднолькавыя ў жаданні спасцігаць нешта новае і дзяліцца са светам сваім, жанчыны правялі незабыўны вечар у святле свечак і ў надзвычай цёплай кампаніі за прыемнымі размовамі і медытатыўным працэсам стварэння лялек-прыгажунь.

Сапраўды, было цудам назіраць, як з кудзелі, некалькіх кавалкаў тканіны ды нітак “нараджаліся” маленькія паненкі ў эксклюзіўных убраннях. Кожная з удзельніц майстар-класа надзяліла сваю ляльку асаблівым хараством, падарыла твору кроплю любові і цеплыні.

І якая жаночая сустрэча без размоў?! На гэты раз гаварылі пра камфорт – як дома, так і ўнутры сябе. Незаўважна сышліся на тым, што, вядома, у нашым жыцці багата трэба зрабіць, шмат планаў ды мала часу, але, калі жыць толькі турботамі пра хлеб штодзённы ды хатнімі і прафесійнымі абавязкамі, без яркіх фарбаў усё аднойчы стане шэрай руцінай. Таму нам, жанчынам, так важна выходзіць у свет, адкрываць іншыя небасхілы, эксперыментаваць з вобразамі, любіць, усміхацца, натхняцца, напаўняцца радасцю і прыгажосцю, дзяліцца святлом і пяшчотай. Быць жанчынай – гэта не абавязак, а шчасце, галоўнае не губляць сваю сутнасць у шалёным рытме сучаснага свету. Знайсці некалькі гадзін для сябе і наведаць той жа майстар-клас, пазнаёміцца з новымі людзьмі, пагаварыць пра розныя мілыя жаночыя сакрэты – такая асалода, якой варта кожная з нас!

І яшчэ некалькі бонусаў ад выхадаў у свет для мілых спадарынь. Па-першае, калі побач такі адмысловы майстар ды чулы псіхолаг, як Генутэ Грыцутэ, сустрэча абавязкова будзе мець і аздараўленчы для нашага жаночага сэрца эфект. А, па-другое, яшчэ і пазнавальны. Бо на гэты раз Генутэ падрыхтавала для ўдзельніц майстар-класа займальны экскурс у свет лялек. Прысутныя даведаліся, навошта малечы на прагулку надзявалі на пальчык зайчанятка, якія “абавязкі” выконвала лялька-траўніца і што клалі дзеткам у калыску. Шмат распавядалася не толькі пра тутэйшыя традыцыі, але і пра далёкія скандынаўскія. Нават салодкія пачастункі пад травяную гарбату і каву мелі замежныя карані. Здзівіла аповядамі пра шкло і посуд гасцінная гаспадыня галерэі Жана Леановіч. А на развітанне Генутэ падрыхтавала для кожнай удзельніцы кранальны прэзент – слоічак з хатнім варэннем і пажаданнем. Усе разыходзіліся з пачуццём, што не проста зрабілі ляльку пад назвай “Шчасце”, а падарылі сабе аднайменны вечар цудаў.

? А наперадзе, 7 снежня, нас чакае святочны майстар-клас па стварэнні калядных вянкоў ад Генутэ Грыцутэ і цырымонія па прыгатаванні сапраўды каралеўскага напою ў венскай кававарцы ад Жаны Леановіч.

Сардэчна запрашаем, для вас рыхтуецца выключная падзея! Дарэчы, прыходзьце разам са сваімі дзеткамі, ім таксама знойдзем цікавы занятак!

Фотаальбом “Майстар-клас па ляльках-абярэгах “Шчасце” | 2019” гартайце ТУТ!

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *