“Зорька”. Экскурсія з юнымі карэспандэнтамі з Пятрэвіцкага дзіцячага сада – сярэдняй школы

Юнкоры з Пятрэвіцкага дзіцячага сада-сярэдняй школы ў ліку актыўных сяброў газеты “Зорька”. Яны не раз прыязджалі ў Мінск, каб паўдзельнічаць у такіх важных мерапрыемстваз, як міжнародная спецыялізаваная выстава “СМІ ў Беларусі”. Рабяты праяўляюць сябе ў рэдакцыйных конкурсах, дапамагаюць здымаць відэасюжэты для YouTube-канала “Газета Зорька”. А зусім хутка на базе школы адкрыецца прэс-цэнтр выдання. У гонар гэтага бібліятэкар Наталія Анатольеўна Юшкевіч арганізавала для будучых карэспандэнтаў прэс-тур па Навагрудскай зямлі.

Пачалі з экскурсіі са школьнага музея. Надзя Сыракапыт, Улада Гарачова і Даша Шэстак тут частыя госці. Пад кіраўніцтвам Алены Уладзіміраўны Пяцэвіч дзяўчаты робяць лялек і знаёмяцца з ткацтвам, а таксама займаюцца пошукавай і даследчай працай, дапамагаюць папаўняць калекцыю экспанатамі.

Новая славутасць Навагрудка – карцінная галерэя знакамітага мастака Кастуся Качана. Ён ўраджэнец тутэйшых мясцін – з вёскі Лаўрышава Навагрудскага раёна.

Гаспадыня галерэі Жана Леановіч расказала дзецям, як ствараюцца карціны, паказала нататнік з замалёўкамі творцы. Кастусь Качан на кожны шпацыр бярэ з сабой паперу і алоўкі, каб хутка замаляваць цікавыя сюжэты. Цэлы нататнік майстра можа распісаць за дзень. Дзяўчынкі і хлопчыкі шчыра радаваліся, калі пазнавалі любімыя куточкі горада.

Спадабалася ўсім карціна, прысвечаная асабліваму эпізоду з дзяцінства мастака.

– Калі ён быў прыкладна вашага ўзросту, аднойчы раніцай маці накіравалася на поле жаць, – растлумачыла Жана Леановіч. – А сыну дала наказ, каб прыйшоў пазней дапамагчы. А потым Кастуся наведалі сябры, і хлопчык пайшоў купацца на Нёман. Як жа не збегаць спякотным летнім днём на рэчку? Маміна просьба вылецела з галавы. Пра яе гарэза ўзгадаў толькі пад вечар. Неба ўжо зацягнулі навальнічныя хмары. Прыбёг на поле – а стомленая мама якраз скончвала працу. Яна не сварылася, толькі сумна сказала: “Дзякуй, сын, што дапамог”. Будучаму мастаку стало вельмі сорамна. Нават праз шмат год ён помніў той дзень, таму і вырашыў напісаць такую карціну.

У якасці падзякі за цікавую экскурсію школьнікі падарылі Жане фірмовы званочак з надпісам “З любоўю з Пятрэвіч”. Даша Духоўнік сыграла на піяніна, бо насалоджвацца творамі мастацтва пад класічную музыку вельмі прыемна!

Таксама падчас паездкі па Навагрудчыне мы наведалі трохметровага рыцара на ўездзе ў горад. А яшчэ разам з дзесяцігадовай Дашай Шастак у якасці вядучай запісалі відэа для YouTube-канала “Газета Зорька”. Дзень атрымаўся фантастычны!

Юлія Васілюк, агр. Пятрэвічы – г. Навагрудак.
Газета “Зорька”, 12.09.2019 г.

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *