“Бобруйский курьер”. У Бабруйску адкрылася выстава беларускага клясыка

Прыехалі выбітныя ганаровыя госці – мастак Кастусь Качан з жонкай Жаннай Леановіч, генеральны дырэктар Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі Уладзімір Пракапцоў.

У Бабруйску адбылося ўрачыстае адкрыццё выставы твораў вядомага беларускага мастака Кастуся Качана «Радзiмаю зачараваны». На імпрэзу ў Мастацкі музей прыехалі ганаровыя госці: сам мастак – з жонкай Жаннай Леановіч, генеральны дырэктар Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі Уладзімір Пракапцоў, прадстаўнікі выканаўчай улады Магілёўшчыны. Адкрыццё экспазіцыі наведалі шмат бабруйчанаў розных узростаў.

Канстанцін Качан, які ў наступным годзе адсвяткуе свой 70-гадовы юбілей, з’яўляецца жывым клясыкам беларускага выяўленчага мастацтва. Мастак працуе ў станковым жывапісе, пераважна ў жанры пейзажу, а таксама – нацюрморта. Ягоныя карціны былі прадстаўлены не толькі ў нашай краіне і ў Расеі, але і ў еўрапейскіх – Бельгіі, Германіі, Швецыі. З персанальнай выставай «Радзімаю зачараваны» Качан у гэтым годзе падарожнічае па Беларусі. Праект прымеркаваны да Году малой радзімы.

Творы славутага жывапісца захоўваюцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі, Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва Беларусі, Мастацкім фондзе міністэрства культуры Расеі, маскоўскай Траццякоўскай галерэі, фондах Беларускага саюза мастакоў, а таксама ў прыватных калекцыях шматлікіх краінаў свету. У 2014 годзе на радзіме мастака – у Наваградку адкрылася карцінная галерэя яго імя, дырэктаркай якой з’яўляецца жонка творцы Жанна Леановіч.

Натхненнем для большасці пейзажных карцін Кастуся Качана паслужылі і служаць шматлікія паездкі мастака па Беларусі. На палотнах раскрываецца прыгажосць беларускай прыроды, зачараванне малых гарадоў і мястэчак з тысячагадовай гісторыяй, асаблівы каларыт жыцця селяніна. Унутраным лейтматывам у творчасці жывапісца з’яўляецца тэма Вечнага і Вечнасці. Напэўна, таму ягоныя творы, па сутнасці, пазбаўлены прыкмет часу. Былое і сучаснасць не адасабляюцца адзін ад аднаго, а жывуць у прасторава-часавым адзінстве…

Пасля прэзентацыі выставы мастак сам правёў для жадаючых экскурсію і пазнаёміў з творамі, прадстаўленымі ў экспазіцыі. А тым часам дырэктар Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі Уладзімір Пракапцоў ахарактарызаваў для чытачоў «Бабруйскага кур’ера» творчасць жывапісца:

– Творчасць Кастуся Качана – адметная, яго не зблытаеш ні з кім з нашых мастакоў. Ён піша не проста пэндзлем, а душой. Калі глядзіш на ягоныя творы, то адчуваеш аўру тых мястэчак, мясцін з помнікамі нашай сакральнай архітэктуры. Гэтыя талент каларыста і здольнасць знаходзіць унікальныя мясціны нашай роднай Беларусі ён на працягу ўжо дзесяцігодзяў занатоўвае ў сваіх творах. Але ён вандроўнічае і прымае ўдзел у пленэрах за межамі нашай краіны, што таксама адлюстроўваецца ў карцінах. Дзякуй Богу, што ён такі ў нас ёсць!..

Закрануў Уладзімір Іванавіч і пытанні, звязаныя з нашым горадам і Мастацкім музеем:

– Бабруйск, сапраўды, па праву набывае статус культурнай сталіцы! Адсюль выйшла шмат выбітных дзеячоў культуры і мастацтва… У кіраўніцтва горада ёсць унікальная магчымасць стварыць тут Цэнтр-музей беларускай керамікі. У Мастацкім музеі назапашаны творы, якія засталіся пасля шматлікіх міжнародных пленэраў «Арт-Жыжаль». Творы не толькі беларускіх, але і замежных творцаў са ўсяго свету, якія лічаць за гонар удзельнічаць ў форумах. Мастацкі музей – гэта добры, але толькі першы крок, важна зрабіць – і другі!..

У экспазіцыі «Радзiмаю зачараваны» прадстаўлены творы, напісаныя мастаком Кастусём Качаном у 21-м стагоддзі… Выстава ў Мастацкай галерэі (вул. Горкага, 28) будзе працаваць па 10 снежня.

Антон ПУЦІЛА, фота аўтара
“Бобруйский курьер”, 19 лістапада 2019 г.

Фотаальбом “Радзімаю зачараваны” | Бабруйск” гартайце ТУТ!

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *