2020 год у галерэі Кастуся Качана пачаўся з вялікай добрай справы і музычнай казкі
Незвычайны ранішнік для дзяцей з Навагрудскай спецшколы-інтэрната прайшоў на Стары Новы год 14 студзеня ў карціннай галерэі Кастуся Качана.
А незвычайным ён атрымаўся, дзякуючы цудоўнай і захапляльнай музычнай казцы “Навагоднія прыгоды Машы і Віці”, якую падаравалі прысутным дзеці з дарослымі з Навагрудскай спецшколы-інтэрната.
І як адзначылі ўсе госці свята, артысты выступілі прафесійна! Шмат казачных перанажаў, танцы, песні, неверагодныя прыгоды і выпрабаванні нашых герояў захапілі ў глядацкі палон і дарослых, і дзетак.
Гэта было сапраўднае Свята радасці і цеплыні, шчырасці і весялосці!
А пасля прадстаўлення настаў час слоў ўдзячнасці, радасных абдымкаў, слёз пяшчоты, праменьчыкаў любові і дабрыні. Ну і, вядома ж, салодкіх пачастункаў і безлічы асаблівых момантаў. Было шчыра, утульна, добра і па-свойску, па-хатняму. А напрыканцы ўсе дзеткі атрымалі падарункі!
Гаспадыня галерэі Жана Леановіч адзначыла: “Дарагія нашы, добрыя, шчырыя, любыя, САМЫЯ ЦУДОЎНЫЯ ДЗЕЦІ, дзякуй за ваш шыкоўны падарунак, за кароткае і мілае вяртанне ў дзяцінства! Вы падарылі нам магчымасць адчыніць свае сэрцы і адчуць сябе бліжэй да Бога. Такія сустрэчы нам, дарослым, патрэбныя не меней, а мо нават і болей, “каб не страціць святое штосьці…” Таксама дзякуй вам, нашы сябры, нашы знаёмыя і незнаёмыя дарагія людзі, якія адгукнуліся і дапамаглі стварыць гэтае свята, якое мы ладзім ужо пяты год. Разам мы падарылі нашым дзеткам радасць, цяпло, любоў і пяшчоту! Дзякуй вам за тое, што з кожным годам нас становіцца хоць трошкі, але болей, і разам мы можам зрабіць шмат добрых спраў у гэтым жыцці! Вядома, без вас мы не змаглі б парадаваць дзетак такой ўвагай і столькімі падарункамі. Ды і хлопчыкаў і дзяўчынак, якія ў гэты раз прысутнічалі на свяце, таксама было больш (да нашаай кампаніі прыядналіся дзеткі з Навагрудскага прытулка і навучэнцы гандлёва-эканамічнага каледжа, якія засталіся без апекі дарослых, і яны таксама атрымалі невялікія падарункі). Яшчэ словы падзякі тым, хто на сваіх старонках публікаваў нашу абвестку з просьбай аб падтрымцы. І дзякуй усім, хто чытае гэтыя радкі і радуецца разам з намі! Разам мы стварылі цудоўнае свята Любові і Дабрыні!”