“Звязда”. Кастусь Качан: “Калі б не стаў мастаком, гэта было б не жыццё, а пакуты”

У канцы студзеня мастак Кастусь Качан рыхтуецца прадставіць выстаўку ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі. Гэта вынік вялікага праекта, які пачаўся яшчэ ў 2018-м і доўжыўся цягам усяго перыяду, які прайшоў у нас пад знакам Года малой радзімы. У межах праекта «Радзімаю зачараваны» творы мастака вандравалі па краіне і выстаўляліся ў абласных і іншых буйных гарадах Беларусі. Чарговы прыпынак — у сталіцы, дзе можна будзе ўбачыць жывапісныя работы, створаныя ў апошнія 15 гадоў.

Тэма

Многія з ранніх твораў прыехалі з Навагрудка, дзе мастак мае майстэрню і галерэю. Там яго радзіма. Як адчуванне радзімы ўплывае на творчасць? Пра гэта разважае Канстанцін Іванавіч:

— Тэма мая нязменная, — прызнаецца аўтар. — Так супала, што быў абвешчаны Год малой радзімы, і мне нічога не давялося пісаць адмыслова…

Я не пагаджаюся, калі мяне называюць пейзажыстам. Што такое пейзаж? Поле, рэчка, луг… У гэтым таксама ёсць сэнс: чалавек прыроду адчувае глыбока. У мяне трошкі іншае, прырода, наваколле — гэта як дэкарацыя ў тэатры. Для мяне ўсё ж дамінанта — жыццё людзей. Так, яно разгортваецца ў гістарычным часе, мае этнаграфічныя адметнасці, ментальнае вызначэнне. Ва ўсякім разе, я стаўлю такую задачу, каб, гледзячы на мой твор, чалавек мог зразумець, у якім часе гэта адбываецца, на якім кавалку зямлі. Я выстаўляўся ў розных краінах, але паўсюль па маіх творах адчувалі жыццё беларуса з яго таінствам, філасофіяй, побытам. Насамрэч усё сыходзіцца ў адметнай энергетычнай і пачуццёвай плыні, а я гэта імкнуся перанесці на палатно.

Твор не народзіцца з нічога. Я вельмі шмат падарожнічаю па Беларусі, асабліва люблю наведваць мястэчкі. Местачковае жыццё — гэта мой свет, адчуваю яго матыў, там шукаю свае вобразы. Пачынаю з аловачка, калі хочацца найхутчэй перадаць першыя ўражанні на паперы, пасля іду далей — пішу эцюды, а калі назапашаны матэрыял, з ім працую ў майстэрні, ствараю больш глыбокі вобраз. Бывае так, што людзі пазнаюць нейкі краявід, але кажуць: а вось гэтага там няма, і тут не так… Асабліва калі там нарадзіліся, жывуць зараз, ведаюць і любяць свае родныя мясціны, то задаюць пытанні. Адказваю: я ж не фатограф, маю права на вымысел. Бывае, што неабходна ўдасканаліць кампазіцыю, бывае, калі хочацца дадаць больш асабістага адчування праз колер. Галоўнае, каб быў перададзены дух мясцовасці.

Найбольш твораў я напісаў на Навагрудчыне. Нарадзіўся ў вёсцы Лаўрышава, з 70-х гадоў жыву ў Мінску. А лета звычайна праводжу ў Навагрудку. Там я працую ў майстэрні, там мая галерэя. І ў Лаўрышаве часта бываю. Займеў хобі: пчалярства. Таму ў маі і напачатку чэрвеня звычайна знаходжуся там, бо таксама ёсць магчымасць маляваць. Калісьці ў мяне была мара — мець свой дом, і не ў горадзе. Думаў пасяліцца недзе пад Мінскам. Але аднойчы здарыўся няшчасны выпадак: згарэла хата бацькоў, маці тады ў бальніцу трапіла. Пасля трэба было ўсё аднаўляць, дык я вырашыў не шукаць нічога для сябе, а пабудаваць хату бацькам. Але я адбудаваў дом, каб і мне было ў ім зручна: другі паверх адвеў пад майстэрню.

Выбар

— Я не адразу стаў мастаком. Скончыў фізічны факультэт БДУ, але ўжо на другім курсе зразумеў, што гэта не тое… Усе хвалілі мяне яшчэ са школы: з дзяцінства я ўвесь час маляваў. І калі вырас, падсвядома адчуваў, што ва мне жыве мастак. На другім курсе пачаў цікавіцца мастацтвам, хадзіць у музеі, на выстаўкі — не прапускаў ніводнай. Канешне, трэба было вучыцца, пайшоў у студыю ў Мінску. Але, думаю, скончу фізфак, таму што бацькі ганарыліся, асабліва маці. Не казаў ім, што збіраюся кідаць, разумеў, што будуць перажываць. Ва ўніверсітэце шмат факультэтаў, а фізічны быў адзін з найбольш прэстыжных, паступіць было няпроста. Мы вельмі ганарыліся, што станем фізікамі, лічылася, што гэта навука, якая набліжае будучыню. Тады яшчэ модна было разважаць пра падзел на фізікаў і лірыкаў. Ды толькі як растлумачыць простым вяскоўцам, чым займаюцца мастакі і навошта яны патрэбны? Прытым што ў бацькоў было пачуццё прыгожага, асабліва ў таты. Што б ён ні рабіў, атрымлівалася файна, дом паставіў прыгожы на вёсцы, сам аздабляў. Але майго рашэння яны не разумелі.

Праўда, яно саспела канчаткова, ужо калі скончыў універсітэт. Я ж наіўна думаў, што атрымаю дыплом фізіка і адразу буду паступаць у тэатральна-мастацкі інстытут. І падрыхтоўка ў мяне была, ведаў, якія патрабаванні для паступлення, рыхтаваў малюнак, працаваў над кампазіцыяй. Але калі прынёс дакументы, у прыёмнай камісіі растлумачылі, што я не маю права паступаць, таму што толькі што скончыў ВНУ і павінен адпрацаваць як малады спецыяліст. Але… Калі міністэрства адукацыі дасць адмацаванне, тады — калі ласка… Пайшоў у міністэрства, а мне далі адлуп: «Ваша адукацыя каштавала грошай, ідзіце працуйце…» Тады якраз фізікаў не хапала. Год адпрацаваў па размеркаванні ў мінскай школе. А пасля загадчык райана зразумеў мяне, калі пабачыў творы, з якімі я да яго прыйшоў. Даў дазвол мяне адпусціць.

Але як кажуць: не пускаюць у дзверы — дык я праз акно… Працаваў мастаком па рэкламе ў кінатэатры «Кастрычнік». Побач быў тэатральна-мастацкі інстытут, я наладзіў сувязі са студэнтамі. З адной групай жывапісцаў наведваў заняткі — а ў іх выкладалі Данцыг, Крохалеў, Грамыка. Яны мяне дапускалі як вольнага слухача. Паказаў творы Данцыгу, пазнаёміліся з ім на ўсё жыццё. З гэтай групай я фактычна рыхтаваўся на працягу трох гадоў. Ведаў усю праграму і вырашыў: навошта ўжо атрымліваць дыплом, калі галоўнае я асвоіў? Бачыў, як Данцыг і Крохалеў працавалі са студэнтамі. Бывала, пагаджаўся з заўвагамі, а бывала, што і не. У мяне была свая думка, свой погляд. У гэты ж час пачаў удзельнічаць у выстаўках — рэспубліканскіх і ўсесаюзных.

Канешне, маці шкадавала, што я змяніў прафесію. Нават калі ў мяне стала атрымлівацца: ўжо выстаўляўся ў складзе маладых мастакоў Савецкага Саюза, прынялі мяне ў Саюз мастакоў Беларусі. Бо што такое праца мастака? Гэта існаванне без стабільнага заробку — мама гэта бачыла. Шкадавала мяне. І да канца не пагаджалася з тым, што я нечага дабіўся. І калі пачалі выстаўляць, друкаваць мае творы, выпускаць каталогі, і я нават прывозіў ёй грошы, яна казала: «От, павязло чарвяку на вяку!» Гэтая фраза ўжо стала крылатай сярод мастакоў.

Шлях

— Вядома, трэба было шмат працаваць, круціцца, і сапраўды важна, каб яшчэ і пашанцавала. Калі не меў майстэрні, у ЖЭСе давалі пакой, дзе я мог маляваць. Пасля, ужо ў сталым узросце, атрымаў майстэрню ў цэнтры Мінска праз Саюз мастакоў. І я ніколі не крыўдзіўся на заробак. У выніку змог пабудаваць вялікі дом у Навагрудку за свае грошы. Быў перыяд — на мяжы 2000-х, — калі мае работы вельмі добра прадаваліся і за мяжой, і тут. Нават калі і не надта прадаваліся, усё роўна я не шкадаваў. Калі б не стаў мастаком, то гэта было б не жыццё, а пакуты. Не думаў, да чаго прыйду — проста быў апантаны. Сказалі б: «Галодны будзеш…» — я ўсё адно зрабіў бы гэты выбар.

Усё залежыць ад самога чалавека. Вось цяпер у мяне расце ўнучка. Яна малюе, а мяне просяць: навучы. А я не ведаю, як вучыць. Мне здаецца, з гэтым трэба нарадзіцца. А калі няма зерня ў чалавека, то што яго вучыць? Я з унучкай размаўляю, запытваю, што падабаецца, яна разважае. Файна малюе, багатая фантазія. Калі Бог даў, то будзе маляваць. Няўжо трэба вучыць яе глядзець на свет так, як я яго бачу?

Тым больш што я таксама мяняўся. Тэма адна, яна сапраўды вечная, але яе можна па-рознаму адчуваць у розныя перыяды жыцця, по-рознаму падаць. Пластыка пісьма, колер, тон — усё гэта з гадамі мянялася. А цяпер я бачу, што ранні я быў больш цікавы — у тых творах больш эмоцый. Сапраўды, ёсць работы, у якіх глыбіня і філасофія. Не адзін мой калега на гэта звяртаў увагу. Вось вялікая выстаўка і дапаможа паглядзець збоку на сябе. А гледачам, магчыма, дасць адчуванне жыцця: у ім ёсць месца і радасным, яркім момантам, і тужлівым думкам, і развітанням, і новым надзеям.

Выстаўка ўжо праехала Беларусь, яна не простая з пункту гледжання рэалізацыі. Пачалася яна з даволі маштабнай экспазіцыі ў галерэі Савіцкага. Да таго я даўнавата не быў у публічнай прасторы, пра мяне ўжо і забыліся. На выстаўку былі добрыя водгукі і з боку звычайных гледачоў, і з боку адказных асоб. Прапанавалі правезці яе па абласных і буйных гарадах, дзе добрыя выставачныя залы. Міністэрства культуры і Нацыянальны мастацкі музей вызначалі маршрут. Я не на ўсе адкрыцці здолеў трапіць, але было вельмі прыемна бачыць, што людзям падабаецца. Цяпер у Нацыянальным мастацкім музеі твораў будзе выстаўлена яшчэ больш — каля 80. Вельмі хвалююся, як іх размясціць, каб чалавек прыйшоў — і адчуваў сябе ў жывой прасторы. Бо ва ўсім, што я імкнуся адлюстраваць, ёсць жыццё. Менавіта яно нас так прыцягвае сваімі рознымі бакамі, таямніцамі, колерамі.

Ларыса ЦІМОШЫК,
“Звязда”, 21 студзеня 2020 г.

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *