Творы Кастуся Качана прадстаўлены ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі на выставе да 150-годдзя з дня нараджэння мастака Фердынанда Рушчыца

Сёлета Год Рушчыца адзначаны у календары выключных культурных падзей як на узроўні ЮНЕСКА, так і нашай краіны. Ён распачаўся ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь яшчэ 27 лютага, а яго кульмінацыяй стала выстава “Фердынанд Рушчыц (1870–1936 ). Да 150-годдзя з дня нараджэння мастака”, што адкрылася ў сталіцы 27 лістапада.

Знакавая падзея аб’яднала шмат творцаў мінулага і сучаснасці, што з’явілася для гасцей выставы ўнікальнай магчымасцю зазірнуць у свет Рушчыца праз прызму дзесяцігоддзяў.

У некалькіх залах шырокай публіцы прадстаўлены як карціны майстра, так і творы мастакоў з яго блізкага атачэння – Івана Шышкіна, Архіпа Куінджы, Мікалая Рэрыха, Канстанціна Багаеўскага, Вільгельма Пурвіціса, Аркадзя Рылова, Пятра Сергіевіча, Міхаіла Сеўрука і інш.

Адмыслова дапоўнілі экспазіцыю фотаздымкі часоў Першай сусветнай вайны з калекцыі Уладзіміра Багданава з выявамі вёскі Багданава, дзе знаходзіўся маёнтак Рушчыцаў. Дарэчы, менавіта гэтыя маляўнічыя краявіды ўжо не адзін год прыцягваюць сучасных беларускіх мастакоў на пленэры. Прывезеныя адтуль творы, у тым ліку Кастуся Качана, дадалі юбілейнай выставе ў Нацыянальным мастацкім музеі асаблівага каларыту.

Парадавала наведвальнікаў экспазіцыі 28 лістапада і творчая сустрэча. У яе межах мастак Кастусь Качан не проста распавёў прысутным пра сёлетнія плённыя пленэры ў Багданаве, але яшчэ і правёў займальную экскурсію.

Шчыра запрашаем усіх аматараў мастацтва па 13 студзеня 2021 года наведаць выставу ў Нацыянальным мастацкім музеі ды разбавіць зімовы манахром прыгожымі фарбамі геніяльных творцаў!

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *