Карціна “Блакітная царква”

Бывае, стоміцца душа, складзе крылы. І думае тады чалавек, як падняцца, дзе ўзяць сілы. У Мастака ёсць такое месца – блакітная драўляная Свята-Успенская царква ў вёсцы Лаўрышава. Тут за імгненні душа напаўняецца хараством і моцай.

– Сапраўды, святая наша беларуская зямля. У якое мястэчка не зойдзеш, усюды знойдзеш храм, – падыходзячы да роднай сэрцу царквы, распавядае Кастусь Качан. – І, здаецца, дзесяцігоддзямі руйнавалі нашы святыні, прыніжалі, робячы з іх спартыўныя залы, клубы, склады, базы райспажыўтаварыстваў. А яны кожны раз падымаліся з руінаў і папялішчаў. Нездарма столькі на Беларусі блакітных храмаў, яны нібы крынічкі жывой вады. Таму колькі бы іх не закідвалі каменнямі, яны заўсёды знойдуць шлях да людскіх душаў.

А цяпер пагутарым пра самы дарагі для мяне на свеце храм. Пачнем з невялікай гістарычнай даведкі. Свята-Успенская царква пабудавана ў мясцовым урочышчы ў ХVІІІ стагоддзі (а дакладна ў 1775 годзе). Яна з’яўляецца апошнім уцалелым збудаваннем знакамітага Лаўрышаўскага манастыра – самага старадаўняга дзеючага праваслаўнага мужчынскага манастыра на Беларусі, заснаванага ў ХІІІ стагоддзі слаўным мужам нашай зямлі Лаўрышам (інакш Лаўрынам, Лаўрэнціем). З гісторыі мы ведаем, што ў міру гэтага выбітнага духоўнага чалавека звалі Войшалк. Ён быў сынам вялікага князя літоўскага Міндоўга і мудрым кіраўніком, у тым ліку, на наваградскіх землях, пакуль пасля няпростых жыццёвых перапетый не абраў з юнацтва жаданы манаскі шлях.

Што датычыцца працы “Блакітная царква”, то яна напісана мной у 1997 годзе. Як я ўжо не адзін раз казаў, усе мае сюжэтныя творы непасрэдным чынам звязаныя з найбольш яскравымі момантамі майго жыцця, асабліва з дзяцінствам.

Дык што мяне назаўжды злучыла з гэтым храмам? Па-першае, тут мяне хрысцілі. З вялікім хваляваннем узгадваю, як у той дзень сюды мяне прывяла матуля, якая была вельмі пабожным чалавекам. І хоць на той момант я ўжо сам мог хадзіць, яна на сваіх плячах унесла мяне ў храм Божы. Для гэтага мама з вялікай хусткі зрабіла нешта накшталт сучаснага наплечніка. І, ведаеце, дагэтуль памятаю, як там файна і ўтульна я адчуваў сябе. Увогуле, гэта было маё самае першае вялікае падарожжа з нашага хутара ў Лаўрышава працягласцю аж паўтара кіламетры. Мне тады вёска здалася іншым сусветам, дзе было нязвыкла людна і шумна. Асабліва ўразіў рупар, з якога на ўсю ваколіцу разносіліся незнаёмыя песні.

А кульмінацыяй гэтай прыгоды стала імгненне, калі мы пераступілі парог царквы. Бо раптам наступіла цішыня. І я, як кажуць, з адкрытым ротам аглядаў кожную рэч, бо ўсё ў храме мне здавалася чароўным. Калі ж з залатых дзвярэй да нас выйшаў незвычайны чалавек у пышным убранні і гучным голасам пачаў казаць штосьці важнае на малазразумелай для мяне мове, а ўслед за ім загучалі анёльскія спевы царкоўнага хора, у мяне нават дыханне пераняло. І дзіцячае сэрца затрапятала, што тая птушачка…

З той пары кожны раз, калі прыязджаю ў Лаўрышава, заўжды іду да храма. Пераступаю парог і зноў перажываю нешта неверагоднае, нібы пагружаюся ў духоўны стан таго трохгадовага хлопчыка, які ўпершыню падсвядома далучыўся да чагосьці светлага, чыстага і вечнага. У такія імгненні веру, што сам Бог дакранаецца да маёй душы. Спадзяюся, і людзі, калі бачаць карціну “Блакітная царква”, адчуваюць Яго пяшчотны дотык.

“Экспазіцыя. Асноўны альбом” глядзець ТУТ!
“Экспазіцыя. Абраныя творы” глядзець ТУТ!

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *