Юлія Міцько прывезла ў Навагрудак лепшыя песні і вершы пра любоў
27 чэрвеня 2018 года яшчэ адно гучнае беларускае імя адкрыла для жыхароў і гасцей Навагрудка карцінная галерэя Кастуся Качана.
Канцэрт аўтарскай песні Юліі Міцько “Нам дапаможа Любоў” запомніўся гасцям арт-прасторы як падзея светлая і натхняльная.
Пра выкаўнаўцу кранальна напісала гаспадыня галерэі Жана Леановіч:
“Яна спявае душой... Яна нараджае свае песні ў сэрцы... Яна піша вершы,слухаючы Сусвет... Яна тонка адчувае прыгажосць, колер і дыханне жыцця… Яна - таленавітая, лірычная, прыгожая і загадкавая- Юлія Міцько…”
А пра саму сустрэчу выдатна распавяла госця галерэі Святлана Кошур:
“Напэўна, гэта сустрэча і павінна была адбыцца менавіта ў такім цудоўным месцы, якім стала для многіх аматараў мастацтва Карцінная галерэя Кастуся Качана ў Навагрудку. Наведаўшы яе аднойчы, падсвядома імкнешся зноў туды, дзе таленавіты мастак, уклаўшы ў сваё стварэнне шмат працы і часцінку сэрца, апантана імкнецца ўзняць культуру правінцыяльнага горада да сталічнага ўзроўню.
Сустрэчы з цікавымі людзьмі - неад'емная частка жыцця Карціннай галерэі Кастуся Качана. 27 чэрвеня сюды завітала таленавітая Юлія Міцько. Канцэрт аўтарскай песні з узнёслай назвай "Нам дапаможа Любоў" сабраў у гэты вечар шмат прыхільнікаў паэзіі і бардаўскай песні.
Чароўная Юлія шчодра дарыла слухачам непаўторны дар сваёй душы - вершы і песні, кожная з іх - шчырая споведзь жаночага сэрца, чулага, пяшчотнага, трапяткога. Гэта была размова аб паўсядзённым і вечным, аб каштоўнасцях чалавечага жыцця, аб любові і шчасці.
Адчувалася, што кожнае слова песні прайшло праз душу паэта, і гэта знаходзіла водгук у сэрцах слухачоў - абыякавых у зале не было, разам з бардам людзі ўсміхаліся і смуткавалі, радаваліся і спачувалі.
Боскі дар паэта - быць простай і зразумелай і ў той жа час імкнуцца ўзняць за сабой да вышыні Неба - прывабліваў і захапляў. У гэты вечар натхнёная выканаўца паяднала прысутных высокім пачуццём, галоўным для кожнага чалавека, пачуццём усеабдымнай Любові.Такі моцны зарад высокіх пачуццяў здольны прыўнесці ў свет больш дабра, разумення і спагады.
Хочацца пажадаць Юліі, каб творчы ўзлёт не прыпыняўся, каб пуцяводная зорка вяла яе да новых вышынь у творчасці”.
