Пра Галерэю
Паважаныя сябры!
Запрашаем вас у дзіўны свет карціннай галерэі Кастуся Качана!
ГАЛЕРЭЯ – ГЭТА:
– будынак у стылі традыцыйнай шляхецкай сядзібы;
– дзве выставачныя залы і майстэрня мастака Кастуся Качана;
– пляцоўка з адным з лепшых відаў на старажытны Навагрудак;
– сямейная гасціная і кафе з кавай, гарбатай і хатнім печывам;
– арт-прастора для правядзення творчых сустрэчаў, літаратурных і музычных прэзентацый, майстар-класаў, семінараў, трэнінгаў, пленэраў;
– месца для дабрачынных праектаў і акцый;
– калекцыя шкла, мэблі і прадметаў побыту мінулых часоў;
– паштоўкі, рэпрадукцыі і сувеніры на памяць.
Напрыканцы 1980-х гадоў у знакамітага беларускага мастака Кастуся Качана з’явілася рамантычная ідэя жыць і працаваць на малой радзіме ў Навагрудку. З гэтага моманту творца пачаў рабіць першыя крокі да ажыццяўлення мары аб уласнай галерэі.
Магчымасць здзейсніць задуманае з’явілася толькі ў 2005 годзе. Тады Кастусь Качан набыў будынак з пляцам у сэрцы старажытнага Навагрудка, насупраць Замкавай гары. Але так як месца з’яўлялася гістарычным помнікам, на ўзгадненне неабходных папер спатрэбіўся час. Актыўнае будаўніцтва галерэі пачалося ўлетку 2008 года.
Першыя наведвальнікі завіталі ў сядзібу мастака ў 2012 годзе.
А ўрачыста і афіцыйна прыватная карцінная галерэя песняра беларускіх мястэчак Кастуся Качана адчыніла свае дзверы для гасцей з ўсяго свету 20 чэрвеня 2014 года.
За гэтыя гады галерэя стала для Навагрудка не проста турыстычным аб’ектам, а адным з культурных цэнтраў.
Сёння гэта прастора для бясконцага натхнення жыхароў і гасцей горада, дзе кожны знаходзіць для сябе нешта асаблівае.
Магія галерэі – ва ўсім.
Перш за ўсё, гэта жывапіс Кастуся Качана, яго непаўторныя пейзажы і нацюрморты. Кожны твор мастака – своеасаблівы сплаў мінулага і сучаснага Беларусі. А яшчэ – ўнікальную магчымасць здзейсніць займальную вандроўку ў гісторыю беларускай правінцыі
Нядзіўна, што госці пасля наведвання галерэі яшчэ доўга захоўваюць у сваіх сэрцах вобраз ціхага, спакойнага жыцця беларускіх мястэчак на фоне старажытных помнікаў архітэктуры.
Цікава тое, што часта ўдзел ва экскурсіях па галерэі прымае сам мастак. Кастусь Качан не толькі распавядае гасцям пра свае працы і творчасць у цэлым, але час ад часу праводзіць невялікі майстар-клас па стварэнні карціны. Сапраўднае чарадзейства.
Магія галерэі – і ў адмысловай архітэктуры. Перад намі – традыцыйная шляхецкая сядзіба. Трохпавярховы будынак створаны ў заходнебеларускім палацавым стылі па спецыяльным праекце славутага архітэктара Лявонція Зданевіча і рукамі самога Кастуся Качана.
На першым і другім паверхах знаходяцца прасторныя і светлыя выставачныя залы, а на трэцім – майстэрня мастака. Тут пануе дух творчасці і любові да роднай зямлі. Нават ступенькі лесвіцы ўпрыгожаны арнаментам са слуцкіх паясоў.
Асаблівай магіяй валодае для гасцей галерэі і багатая калекцыя шкла, мэблі і прадметаў побыту мінулых часоў.
Пра гэтыя рэчы ў сямейнай гасцінай, своеасаблівым кафе, пад гукі класічнай музыкі з задавальненнем раскажа наведвальнікам жонка мастака Жана Леановіч і пачастуе кавай, запаранай у венскай кававарцы, духмянай гарбатай, хатнім печывам і цукеркамі.
Таксама ў гаспадыні галерэі для гасцей ёсць не толькі прысмакі і цікавыя гісторыі, але і віктарына з падарункамі.
Да таго ж, гасцей чакае музычная хвілінка, дзе ім прапануюць згуляць на піяніна і атрымаць на памяць паштоўку з аўтографам Кастуся Качана.
А ЗАРАЗ ЗАПРАШАЕМ ВАС ЗДЕЙСНІЦЬ ВІРТУАЛЬНУЮ ВАНДРОЎКУ ПА ГАЛЕРЭІ!
Віртульная падарожжа – гэта цікава, але рэальныя ўражанні – лепш за ўсё!
Таму галерэя Кастуся Качана шчыра вітае вас, паважаныя індывідуальныя наведвальнікі і турыстычныя групы, чакае на экскурсіі, майстар-класы, дабрачынныя акцыі, творчыя мерапрыемствы і запрашае да супрацоўніцтва.
Мы радыя прыняць вас у карціннай галерэі і падараваць незабыўныя ўражанні!
Для нас вы заўжды – самыя жаданыя госці!