Навагрудскія дзеці трапілі ў калядную казку
18 снежня 2015 года ў карціннай галерэі Кастуся Качана адбылося грандыёзнае дзіцячае свята. Тут прайшоў дабрачынны калядны ранішнік для выхаванцаў Навагрудскай школы-інтэрната.
Спачатку была праведзена экскурсія па галерэі. Дзеці пазнаёміліся з творчасцю мастака Кастуся Качана. А затым студэнты Навагрудскага аграрнага каледжа запрасілі ўсіх на прыгожую калядную казку.
Пасля прадстаўлення ўсе разам – і дзеці, і дарослыя – паспрабавалі свае сілы ў гульнях і віктарынах, праспявалі песні і, наогул, добра павесяліліся.
Асаблівую радасць прынеслі дзеткам падарункі. Нагадаем, што сродкі на іх набыццё збіралі яшчэ на лістападаўскім дабрачынным канцэрце з удзелам спявачкі Таццяны Грыневіч-Матафонавай, паэтаў – Міхася Скоблы і Алы Петрушкевіч.
Арганізатар каляднага свята Жана Леановіч была ў захапленні ад шырокіх усмешак выхаванцаў Навагрудскай школы-інтэрната:
“Колькі радасці і шчасця было на тварах ў дзяцей! Паверце, гэта каштуе дорага! Вялікі дзякуй Генуце Францішкаўне Грыцутэ за добрае сэрца і неацэнную дапамогу ў правядзенні акцыі дабрачыннасці! Дзякуй нашым юным артыстам за цудоўную святочную імпрэзу! Нізкі паклон усім неабыякавым людзям за дабрыню Вашых сэрцаў! Дзякуючы Вам, гэта мерапрыемства адбылося! Паважаныя сябры з Facebook, Saulius Gricius і яго знаёмыя з Літвы, Luda Fedorova, Yuliya Shafar, Rosa Koroljowa, Ольга Шайбак , Masha Odincova, дзякуй яшчэ раз за сабраныя сродкі і падарункі! Вы запалілі агеньчык дабрыні і радасці ў сэрцах нашых дзяцей! Толькі міласэрнасць, спагада і любоў да бліжняга выратуюць гэты свет! Дзівосных і светлых Вам калядных і навагодніх святаў!”