Таццяна Грыневіч-Матафонава, Міхась Скобла і Ала Петрушкевіч наведалі першую сталіцу ВКЛ

28 лістапада 2015 года карцінная галерэя Кастуся Качана сустракала дабрачынны канцэрт з удзелам спявачкі Таццяны Грыневіч-Матафонавай, паэтаў – Міхася Скоблы і Алы Петрушкевіч.

Вось што напісала адразу пасля мерапрыемства гаспадыня галерэі Жана Леановіч:

“Творчая сустрэча адбылася! Гучанне беларускіх песень ў цудоўным выкананні спявачкі Таццяны Грыневіч напоўніла галерэю гармоніяй музыкі і жывапісу. Карціны ажылі і загаварылі… Цікавым аповядам пра новыя кнігі і займальнымі гісторыямі з жыцця знакамітых класікаў беларускай літаратуры Міхась Скобла поўнасцю завалодаў увагай гледачоў. Прыгожа, эмацыйна чытала свае вершы Ала Петрушкевіч. Атмасфера шчырасці і цеплыні пачуццяў- вось такая атрымалася імпрэза! Дзякуй нашым гасцям за прыемныя імгненні!”

У захапленні ад творчай сустрэчы засталіся і гледачы, і самі выканаўцы.

Міхась Скобла выразіў свае эмоцыі ўзвышана і шчыра:

“На самым ускрайку восені ў першай сталіцы ВКЛ Наваградку прайшла прэзентацыя кніг Ларысы Геніюш і Зоські Верас, што нядаўна выйшлі ў серыі “Беларуская мемуарная бібліятэка”. У сьветлай і ўтульнай “Галерэі Кастуся Качана” сабраліся ня толькі наваградчане, але і люд беларускі з усяго навакольля – нават з Панямоні, да якой каля 30 км. Дзякуй гаспадыні галерэі мілай сп. Жаньне Леановіч і кампаніі “Будзьма беларусамі”!”

Дарэчы, усе сабраныя на канцэрце сродкі былі накіраваны на набыццё падарункаў для дзетак з Навагрудскай школы-інтэрната.

Фотаальбом “Лістападаўскі дабрачынны канцэрт” гартайце ТУТ!

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *