У галерэі Кастуся Качана прайшоў “Наваградскі соймік-ІІ”
23 красавіка 2017 года галерэя Кастуся Качана набыла незвычайны статус як месца правядзення “Наваградскага сойміка-ІІ”.
Мерапрыемства, прысвечанае 244-ай гадавіне Наваградскага сойміка і Варшаўскага сойма 1773 года, а таксама 4-й гадавіне Арт-суполкі імя Тадэвуша Рэйтана, мела надзвычай цікавы і нетрывіяльны характар.
Але спачатку – крыху гісторыі.
22 сакавіка 1773 года на Замкавай гары, у прысутнасці шляхты Наваградскага ваяводства ВКЛ, адзінадушна, дэпутатамі на варшаўскі надзвычайны сойм былі абраныя падкаморыч наваградскі Тадэвуш Рэйтан і і пісарэвіч земскі наваградскі Самуэль Корсак.
19 красавіка 1773 года, меньш чым праз месяц, у Варшаве пачаўся сойм Рэспублікі Абодвух Народаў –ВКЛ і Кароны польскай. Галоўнай мэтай яго склікання было зацьвердзіць “Першы падзел” зямель Беларусі, Украіны і Польшчы паміж Расіяй, Прусіяй і Аўстрыяй.
Дэпутаты-наваградцы, разам з менчукамі, пінчукамі і прадстаўнікамі іншых беларускіх зямель, чатыры дні блакавалі пачатак сойму. Іх мужная барацьба за незалежнасць Бацькаўшчыны, перш наперш , Тадэвуша Рэйтана, назаўсёды ўвайшла ў сусветную гісторыю, як прыклад шчырага нязломнага патрыятызма.
Мінулі гады, і імёны Герояў Мінуўшчыны вядомы сучасным беларусам мала. Выправіць гістарычную несправядлівасць спрабуе Арт-суполка імя Тадэвуша Рэйтана, створаная роўна 4 гады таму.
Таму мерапрыемства “Наваградскі соймік-ІІ” мела выключнае значэнне ў справе захавання памяці пра тыя слаўныя падзеі.
Удзел у імпрэзе ў галерэі Кастуся Качана ўзялі дэпутаты і музыкі былога Наваградскага і Менскага ваяводстваў:
— Зьміцер Юркевіч, старшыня Арт-суполкі, перформер, архівіст Наваградскага земска-гродскага суда.
— Алесь Родзін, рэзідэнт берлінскай Арт-сядзібы “Тахелес”, мастак.
— Алесь Жлутка, старэйшы навуковы супрацоўнік Інстытута гісторыі Рэспублікі Беларусь.
— музыкант Арцём Быстрык (Наваградак-Менск).
Таксама быў паказаны дакументальны фільм “Грушаўскія Дахі” рэжысёра Алены Ясінскай. А фонам імпрэзы стала выстава аднаго дня – графічны шэраг “Род Рэйтанаў. Асобы. Падзеі” (мастак – Алесь Родзін, гістарычны кансультант –Зьміцер Юркевіч).
Імпрэза сабрала разам тых, хто шчыра цікавіцца беларускай гісторыяй.