У Наваградку пагутарылі па-беларуску зь Вінцуком Вячоркам
21 кастрычнiка 2017 года карцінную галерэю Кастуся Качана наведаў вядомы беларускі мовазнаўца Вінцук Вячорка з прэзэнтацыяй кнігі “Не сьмяшыце мае прыназоўнікі”.
Гэта выданьне – другое ў сэрыі “Па-беларуску зь Вінцуком Вячоркам”, што інтрыгуе чытача невядомымі або наноў адкрытымі фактамі пра нашую мову ды яе багацьцямі.
Аўтар ўпэўнены: па-беларуску вычарпальна й прыгожа сказаць можна пра ўсё. І жыць па-беларуску, і чуць беларускія словы ад усіх — ад крамніцы да страхавога агента і паліцыянта.
Такога меркаваньня былі і ўсе госьці на творчай сустрэчы ў карціннай галерэі. Гэтую атмасфэру адчуў і сам Вінцук Вячорка:
“Наваградак, прэзэнтацыя кнігі “Не сьмяшыце мае прыназоўнікі”. У атмасфэрнай і гасьціннай карціннай галерэі Кастуся Качана. Што прыемна, у суботу і ў дождж прыйшлі маладыя людзі. Вялікі дзякуй гаспадарам галерэі і Валянціне Быстрык за дапамогу!”
У адказ Жана Леановіч, гаспадыня цудоўнага месца, распавяла:
“Вельмі цікава, пазнавальна, зразумела, з гумарам, а галоўнае – зь вялікай любоўю да сваёй роднай мовы! Так коратка можна ахарактызаваць сустрэчу з Вінцуком Вячоркам. Наваградцы маглі не толькі паслухаць, але і актыўна паўдзельнічаць у займальнай гутарцы, паказаць сваё веданьне роднай мовы. Напрыканцы сустрэчы аўтар падарыў і падпісаў сваю кнігу ўсім прысутным. Шчыры дзякуй Вам, шаноўны!”