У галерэі Кастуся Качана адбылася незабыўная сустрэча беларускіх творцаў падчас пленэра памяці Віктара Сташчанюка

У кожнага творцы свой шлях. Але здараюцца такія надзвычайныя моманты, калі на неабсяжных прасторах мастацтва дарогі таленавітых людзей пераплятаюцца на некаторы час. Пленэр памяці выдатнага беларускага мастака Віктара Сташчанюка ў Навагрудку адносіцца да такіх сакральных падзей. І вялікая радасць, што адныя з лепшых у Беларусі мастакоў, фатографаў, мастацтвазнаўцаў у гэтыя асаблівыя дні сталі частымі гасцямі ў карціннай галерэі Кастуся Качана.

Мы хочам падзяліцца з вамі замалёўкай аднаго такога вечара ў Сядзібе Мастака.

17 жніўня. Сонца плыве да небасхілу. На навагрудскую зямлю сыходзіць прахалода. Ціхі вечар. Гараць свечы. За адным сталом – мастакі Кацярына Сумарава, Дар’я Сумарава-Копач, Валянціна Шоба, Антаніна Фалей, Ксенія Бяляева-Дзягілева, Галіна Сушко, Ліліяна Гудава, Віктар Нямцоў, фатограф Валерый Вядрэнка, мастацтвазнаўцы Аляксей Хадыка і, па сумяшчэнні арганізатар і куратар пленэра, Таццяна Гаранская ды гаспадары галерэі Кастусь Качан і Жана Леановіч. Ладна ідзе размова пра вечнае і надзённае, на тварах блукаюць усмешкі, і на сэрцы становіцца суцішна і хораша.

“Нібы Тайная вячэра”, – аглядзеўшы прысутных, трапна заўважае Таццяна Гаранская. І, сапраўды, ёсць у гэтай сустрэчы вялікі духоўны сэнс і змест. Бо розныя па напрамках, светапоглядах, творчых рэалізацыях Асобы зышліся разам у адным месцы, каб на сваёй уласнай мастацкай мове расказаць гісторыю і сучаснасць Навагрудка – аднаго з любімых гарадоў Віктара Сташчанюка. І тым самым ушанаваць памяць вялікага майстра і сябра, якому ў красавіку споўнілася б 85 год.

Але ж пісаць карціны, лавіць удалыя кадры, шукаць трапныя слова-вобразы, творцы будуць у наступныя дні – пленэр працягнецца да 26 жніўня. Таму зараз гаворка больш ідзе пра тое, чым жыве і натхняецца кожны прысутны. І, канешне ж, пра само месца сустрэчы – гасцінную галерэю. Бо пасля экскурсіі гасцей перапаўняюць эмоцыі. Кастусь Качан разам з Жанай Леановіч шчыра расказваюць , як усё пачыналася, да чаго прыйшло і што далей будзе, адкуль узяліся калекцыі шкла і мэблі мінулых часоў і дзе знаходзіць сілы і цярпення, каб кожны дзень ствараць тое, што любіш і ўва што верыш.

Падчас аповяду Ксенія Бяляева-Дзягілева хораша кажа Кастусю з Жанай: “У Бога – галерэй многа. Вось і вам падараваў адну”.

І, сапраўды, Усявышні не толькі падарыў, але і перакрыжаваў тут шляхі многіх творцаў. Радасна, што сёлета да гэтай грамады далучыўся і адзін з самых цікавых беларускіх фотамастакоў Валерый Вядрэнка, які нечакана для ўсіх выступіў з кранальнай і глыбокай прамовай:

“У Навагрудак першы раз я прыехаў у 2006 годзе. Старажытны зімовы горад мяне ўразіў. Я адчуў, як добра мне, што менавіта тут маё месца. Потым я прыязджаў сюды неаднойчы, і кожны раз адчуваў сябе аднолькава – аднолькава добра. Так сталася, што апошнія 6 гадоў я не быў у Навагрудку. І сёння, пасля доўгага растання, я шмат хадзіў па яго вуліцах і славутасцях, але ўсё ніяк не мог адчуць мінулых пачуццяў да гэтага месца. Нібы за гэтыя гады горад нешта страціў для мяне. Увесь дзень я быў засмучаны і расчараваны. Што я буду тут фатаграфаваць? Я не мог знайсці адказ. І вось мы завіталі ў карцінную галерэю. І я, нарэшце, адчуў свой Навагрудак. У гэтым месцы ўсё – людское, сапраўднае. Ведаеце, мне апошнім часам якраз гэтай сапраўднасці, нештучнасці так не хапае. Таму для мяне галерэя Кастуся Качана – феномен. Чалавек потам і крывёю, талентам і ўласнымі сродкамі стварыў унікальнае месца, не даў “вырасці” тут, у сэрцы Навагрудка, нечаму штучнаму і тыповаму. Ён пабудаваў сваю Беларусь – Беларусь сапраўдную. Прызнаюся, калі я заходжу ў любы музей, у маім успрыняцці ёсць нейкае культурнае шкло паміж мною і тым, што я бачу. Але карцінная галерэя Кастуся Качана – гэта іншы фармат мастацкай прасторы. Тут мне стала цёпла ўнутры. Калісьці, прыязджаючы ў Навагрудак, я думаў: ну пахаджу, пафатаграфую, але ж мне няма да каго тут зайсці. Дык вось зараз я дакладна ведаю, што мне ёсць куды прыехаць. Мне ўсё вельмі спадабалася. А вы ўсе ведаеце, што я рэдка кажу такое”.

Пасля такіх слоў усім прысутным засталося толькі падняць келіхі, а Таццяне Гаранскай гучна сказаць: “Жыве Пленэр!”

ДАВЕДКА

Пленэр памяці Віктара Сташчанюка ў карціннай галерэі Кастуся Качана ў НавагрудкуПленэр памяці Віктара Сташчанюка праходзіў у Навагрудку с 17 па 26 жніўня. Завяршылася культурная падзея выставай і вечарынай у доме-музеі Адама Міцкевіча.

Віктар Сташчанюк. Нарадзіўся 1 красавіка 1933 г. у в. Сёгда Карэліцкага раёна. Скончыў Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут (1970). Вучыўся ў Віктара Гаўрылава. Сябар Беларускага саюза мастакоў з 1993 г. У мастацкіх выставах браў удзел з 1976 г. Творы экспанаваліся ў Беларусі, Польшчы, ЗША, Германіі, Францыі, Канадзе. Персанальныя выставы: Навагрудак (1996), Мінск (2002, 2003 – юбілейная 2004, 2005). Мемарыяльныя выставы: Мінск, галерэя “Добрыя Мыслі” (2007), бібліятэка імя Л.Талстога (2008).

Працаваў у галіне кніжнай, станковай графікі і дэкаратыўна-ўжытковага мастацтва (кераміка). Асаблівае месца ў творчасці займаюць гістарычныя рэканструкцыі архітэктурных ансамбляў (Навагрудак, Мінск, Полацк, Заслаўе).
Асноўныя творы: серыі “З вандровак па Беларусі” (1960-1973), “Мой Навагрудак” (1964-1999), “Палессе” (1970-1971), “Мінск гістарычны” (1985-1986), рэльефы “Мікола Гусоўскі”, “Тадэвуш Касцюшка”, “Эмілія Плятэр”.

Займаўся дызайн-графікай паштовых канвертаў і марак. Яго маркі былі адзначаны на міжнароднай выставе ў Парыжы як найлепшыя ў сваёй катэгорыі.

Аўтар ілюстрацыі і аздаблення кніг: “Пінская шляхта” В.Дуніна-Марцінкевіча, “Па слядах аднаго міфа” М.Ермаловіча, “Адкуль наш род” У.Арлова і інш.

Творы захоўваюцца ў фондах Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь, Музея сучаснага выяўленчага мастацтва ў Мінску, Беларускага саюза мастакоў, Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь, Літаратурнага музея Максіма Багдановіча, Музея Францішка Багушэвіча ў Кушлянах, Навагрудскага гістарычна-краязнаўчага музея, Беларускага музея ў Гайнаўцы, Дзяржаўнага гістарычна-культурнага запаведніка “Заслаўе”, у прыватных калекцыях.

Аўтар кніг “У прасторы часу. Вершы, малюнкі” (Мінск, 2002), “Сцежкамі роднага краю” (Мінск, 2005).

Памёр 7 лютага 2007 г. Пахаваны ў Навагрудку на Старых могілках.

*Даведка – паводле артыкула ў часопісе «Мастацтва» (аўтар Таццяна Гаранская)

Фотаальбом “Сустрэча падчас пленэра памяці Віктара Сташчанюка” гартайце ТУТ!

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *