Мастацтвазнаўца Наталля Сяліцкая пра выставу “Правінцыя”

Правінцыя

26 красавіка – 20 мая прайшла выстава твораў Канстанціна Іванавіча Качана

Імкненне беларускіх пейзажыстаў трактаваць вобраз прыроды як арганічную цэласнасць разнастайных праяў рэальнасці з’яўляецца глыбіннай устаноўкай для ўсёй беларускай культуры. Прырода паўстае ў іх творах як сінкрэтычнае адзінства ўсіх сваіх элементаў, неад’емнай часткай якога з’яўляўся і чалавек.

У адрозненне ад многіх беларускіх мастакоў, Кастусь Качан – мастак ад зямлі, ад народа. Валодаючы ад прыроды рэдкім талентам каларыста, беспамылковым пачуццём кампазіцыі і малюнка, імкненнем складаць у сваіх творах паэтычны вобраз беларускай прыроды, а таксама велізарнай працавітасцю, Кастусь Качан здолеў стаць высокапрафесійным жывапісцам, чыя творчасць адзначана глыбока нацыянальным характарам.

Радзімай жывапісца з’яўляецца ціхая, утульная беларуская правінцыя, любоў да якой ён захаваў і па сённяшні дзень. Адсюль і прыярытэты ў яго мастацтве, сярод якіх – упадабаная тэма жыцця малых гарадоў і мястэчак з вялікай тысячагадовай гісторыяй.

Сюжэты карцін, прадстаўленых на выставе, на першы погляд, простыя і непатрабавальныя – рэкі, дрэвы, палі і жывёлы, дамы, храмы і закінутыя вёскі. Аднак унутраным лейтматывам у творчасці мастака з’яўляецца тэма Вечнага і Вечнасці. Напэўна, таму яго творы, па сутнасці, пазбаўлены прыкмет часу. Былое і сучаснасць не супрацьпастаўляюцца, не адасабляюцца адзін ад аднаго, а жывуць у прасторава-часавым адзінстве. Яго пейзажы ствараюць гарманічную панараму суіснавання чалавека і прыроды. Жывапіс мастака, з выгляду някідкі, падпарадкаваны задачам паэтызацыі штодзённага быцця. Ён мае шчыльную, матэрыяльную, адчувальную аснову і адрозніваецца адценнямі фарбаў, якія падкрэсліваюць непаўторнасць прыгажосці беларускага края.

З’яўляючыся ў пэўнай ступені прадаўжальнікам традыцый рускай рэалістычнай школы жывапісу другой паловы XIX ст., Кастусь Качан у той жа час вельмі дакладна вызначае для сябе меру ўзаемадзеяння рэалістычнага пісьма з шэрагам знакавых вобразаў і сімвалаў, што, у сваю чаргу, ужо характарызуецца тэндэнцыямі, якія адбываюцца ў беларускім мастацтве на сучасным этапе.

Бясспрэчная каштоўнасць прадстаўленых у экспазіцыі твораў заключаецца ў тым, што ў іх выразна выяўлены прыярытэты, уласцівыя практычна ўсім карцінам мастака, – традыцыйная архітэктура, каларыт жыцця вясковага чалавека, сціплая прыгажосць беларускай прыроды.

Наталля СЯЛІЦКАЯ, мастацтвазнаўца

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *