“Народная Воля”. Пачуць голас нябёсаў і сваёй зямлі

Асоба і творчасць
Пачуць голас нябёсаў і сваёй зямлі

Сёлета шмат мерапрыемстваў рознага ўзроўню, пачынаючы з фестываляў і сканчаючы суботнікамі, прысвячаюцца абвешчанаму ў Беларусі Году малой Радзімы. І не-не ды ад гэтай нібыта пачэснай справы адчуваецца подых фармалізму. Мне ўжо даводзілася пачуць, што персанальная выстава сябра Беларускага саюза мастакоў Кастуся Качана “Правінцыя”, якая праходзіць у Мінску, у Мастацкай галерыі Міхася Савіцкага, таксама прымеркавана да гэтай падзеі. Можа, яно і так, але ў Качана адносіны з радзімай ніколі не былі фармальнымі. Ён быў і застаецца шчырым сынам Беларусі, нягледзечы ні на якія афіцыйныя назвы.

Гаворачы пра Кастуся і ягонае мастацтва, і я не хачу быць фармалістам. Адразу скажу – выстава ўдалася і парадавала новымі здабыткамі аўтара. Ды найперш дазволю сабе прыгадаць адну з першых ягоных выстаў, якая стала выбітнай з’явай у Наваградку.

Гэта было крыху болей трыццаці гадоў назад. Я працаваў у раённай газеце і неяк зімовай раніцай каля будынка раёнкі ўбачыў каларытнага барадатага дзядзьку ў кажуху і з мальбертам. Ён маляваў царкву. Разгаварыліся і, як кажуць, адразу сышліся характарамі. І галоўнай нагодай стала тое, што хоць нашы думкі і жаданні займалі мноства жыццёвых праяў (і далёка не аскетычных), нашым агульным сусветам была Беларусь. Яна захіляла ўсё, яна была жывая, і мы імнуліся служыць ёй. Стварылася кола аднадумцаў, а пасля і патрыятычнае аб’яднанне “Сваякі”, накшталт “Майстроўні” і “Талакі”. Такіх суполак у райцэнтрах таго часу я і не прыгадаю, хаця ўпэўнены ў іх існаванні.

А неўзабаве адкрылася Кастусёва выстава. У вачах і цяпер тыя ягоныя карціны і эцюды. Абсалютна нечаканая колеравая гульня фарбаў, нейкі мякка-сумны настрой і мноства пейзажаў. Філасофія навакольнага і ўнутранага свету чалавека. “Апошні шлях хрысціяніна” – так называлася адна з прац, як адзін з накідаў тэмы жыцця і смерці.

На палотнах уражваў нечаканы погляд на вуліцы і завулкі Наваградка, тутэйшых вёсак і, найперш, ягонай роднага Лаўрышава, куды мастак у той год і вярнуўся з Мінску.

Кастусь не любіць, што журналісты ўвесь час акцэнтуюць увагу на тым, што ён не мае мастакоўскай адукацыі – скончыў фізфак. Факт, вядома, цікавы. Ды ці ўгэтым сэнс?

Бог адарыў яго талентам жывапісца, але й гэтага мала, калі ты не чуеш голасу нябёсаў і роднай зямлі. Кастусь пачуў яго, гэты голас. І слухае ўвесь час…

І праз 30 гадоў непаўторны мастацкі стыль Кастуся Качана пазнаецца адразу. Шмат хто з тых, хто адкрываў выставу акцэнтаваў увагу на тым, што ён рэаліст. Не вытрымаў, падыйшоў да Уладзіміра Арлова:

– Які ён рэаліст?! Па мне, дык у ягоным жывапісе сімвалізму болей, чым рэалізму…

Я абыйшоў выставу два разы. Звярну ўвагу толькі на некалькі карцін, што мяне кранулі (цікавасць выклікалі амаль усе).

“Дождж”. Яна ўвогуле – суцэльны вобраз. Нібы іголкі працінаюць палатно, а па ягоных баках, здаецца, фарбаў зусім няма. Але і іх вонкавая адсутнасць – таксама колер. Застаецца толькі праткнёная прастора і цёплы сум, які ахоплівае цябе. Зрэшты, такая рэакцыя нры знаёмстве з творамі Качана з’ява натуральная.

“Ячменнае поле”. Уся карціна быццам адно суцэльнае поле. І толькі на ўскрайку, увышыні, бліжэй да неба віднеюцца царкоўныя купалы і вершаліны дрэў. Створана яна ў Валеўцы – на Наваградчыне, што месціцца непадалёку ад славутага возера Свіцязь.

Неабходна адразу заўважыць, што назва выставы “Правінцыя” стасуецца ў мастака не толькі да роднай Наваградчыны. Тут можна ўбачыць працы, створаныя ў Ашмянах, Пінску, Іўі, у ваколіцах Белавежскай пушчы ды іншых мясцінах.

Напрыклад, на карціне “Зімовы вечар у Гальшанах” натуральна выглядае супольнае жыццё людзей і жывёл (заўважце – не машын). Заклапачона шыбуюць людзі, а запрэжаны ў сані конь няспешна перабірае накіданае прама на снег сена…

Творы Кастуся Качана знаходзяцца ў фондах Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь, у шматлікіх музеях і фондах нашай краіны і замежжа, у прыватных калекцыях Бельгіі, Велікабрытаніі, Германіі, ЗША ды іншых краін.

І яшчэ ён здзейсніў велічэзную патрыятычную справу – у Наваградку, каля Замкавай гары Качан пабудаваў мастацкую галерыю. “Сядзібу Кастуся Качана” наведваюць мясцовыя жыхары (у тым ліку школьнікі і навучэнцы каледжаў), госці горада (у тым ліку замежныя).

На адкрыцці выставы Кастусь Качан сказаў:

– Творы, якія вы бачыце, гэта тое, што я люблю. Вельмі хачу, каб гэта любоў перадалася і вам.

Спадзяюся – так і будзе.

Міхась ДУБРОВІЦА
“Народная Воля”, 2 мая 2018 г.

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *