“Новае жыццё”. Свята мастацтва
Свята мастацтва
У суботу 20 чэрвеня (2015 г.) ў Карціннай галерэі вядомага мастака, члена саюза мастакоў Беларусі Кастуся Качана было шматлюдна. Тут вітала атмасфера мастацтва. У дзень першай гадавіны са дня адкрыцця галерэі павіншаваць Кастуся Качана прыйшлі яго сябры, калегі, проста прыхільнікі таленту мастака, і што вельмі прыемна, завітала шмат дзяцей. Госці знаёміліся з творчасцю мастака-пейзажыста, гучала жывая музыка ў выкананні юных артыстаў, маленькія мастакі пісалі карціны. Хвалюючай была сустрэча з мастаком.
– Вялікі дзякуй ўсім неабыякавым да маёй творчасці людзям, і наогул, да мастацтва. Я вельмі задаволены, што ажыццявілася мая даўняя мара, і ў мінулым годзе адкрылася карцінная галерэя. Я здолеў зрабіць тое, што даўно хацеў. Затрачана шмат і сіл, і сродкаў, але сёння я разумею, што не дарэмна, – падчас урачыстасці сказаў Кастусь Качан. – Сёння вы завіталі на першы юбілей галерэі. Вялікі дзякуй, што раздзялілі з намі гэта свята. На наступны год мы плануем зрабіць не толькі свята галерэі, але свята культуры. На працягу года будзем ладзіць розныя мерапрыемствы, ствараць тут куточак культуры. Запрашаем усіх навагрудчан і гасцей нашага горада завітаць да нас у галерэю, яшчэ раз дакрануцца да мастацтва.
У сваю чаргу гаспадыня галерэі Жана Барысаўна падзякавала ўсім прысутным, а таксама выкладчыкам мастацкай школы, дырэктару і настаўнікам сярэдняй школы №2, юным талентам за тое, што далучыліся да святкавання, за падтрымку.
– З’яўленне карціннай галерэі ў нашым горадзе, і тое, што побач жыве і працуе надзвычайны мастак – гэта адна са знакавых падзей ў нашым жыцці, – адзначыла падчас свайго выступлення дырэктар сярэдняй школы №2 А.Б. Сталярчук. – Мы вельмі ўдзячны гаспадарам галерэі за сапраўднае свята культуры. Прыемна, што на дзень нараджэння галерэі прыйшлі не толькі дарослыя, а завітала сюды шмат дзетак. Яны падзеляцца сваімі ўражаннямі з роднымі і сябрамі. Дзеці – наша будучыня. Здароўя вам, Кастусь Іванавіч і Жанна Барысаўна, росквіту вашай карціннай галерэі. Вялікі дзякуй!
Кастусь Качан вельмі ўважліва адносіцца да творчасці дзяцей. У рамках свята быў праведзены конкурс дзіцячага малюнку. Пераможцы атрымалі ўзнагароды. Шмат цёплых слоў і пажаданняў прагучала ў гэты вечар у адрас мастака.
А.А. Буйкевіч, настаўнік мастацкіх дысцыплін школы мастацтваў. – Дзеткі, якія займаюцца ў школе мастацтваў частыя госці ў карціннай галерэі Кастуся Качана. Сустрэчы з вядомым мастаком вельмі ўражваюць і натхняюць. Аднак, нягледзячы на тое, што нашы мастакі зусім юныя, яны думаюць ужо аднолькава са знакамітым мастаком, бо іх аб’ядноўвае мастацтва. Дзе яшчэ, як не ў сапраўднай галерэі, можна пазнаёміцца з сапраўдным мастацтвам. Пасля такіх сустрэч, гутарак і майстар-класаў дзеці разумеюць, каб стаць вядомым мастаком – трэба шмат працаваць. Хочацца яшчэ раз сказаць Кастусю Іванавічу шчырае дзякуй за тое, што ён адкрыў галерэю ў нашым горадзе.
Вольга ПІСАР
Навагрудская раённая газета “Новае жыццё”, 24 чэрвеня 2015 г.