“Новае жыццё”. Пясняр беларускіх мястэчак

Пясняр беларускіх мястэчак

У чым сэнс прафесіі мастака? На гэтае пытанне я, як і многія, адкажу не задумваючыся: мастак малюе карціны. Змешвае фарбы на палітры, выбірае патрэбнае адценне, акунае ў яго пэндзаль і выводзіць лініі на паперы.А ў чым сэнс прафесіі Мастака? Не спяшайцеся даваць той жа празаічны адказ. Таму што сутнасць яго дзейнасці зусім іншая: Мастак жыве не для таго, каб маляваць, а для таго, каб напаўняць свет прыгажосцю. Ён акунае свой пэндзаль у блакітнае неба, у ранішнюю расу, у смарагдавую траву, змешвае сабраныя фарбы з дабрынёй, розумам, чалавечнасцю і стварае на палатне само Жыццё. Здавалася б, розніца паміж словамі мастак і Мастак – гэта ўсяго толькі адна літара. Але гэта неверагодная розніца! Герой майго артыкула – гэта Мастак з вялікай літары. Яго імя добра вядома як у нашай краіне, так і за яе межамі. Яго творы ёсць у экспазіцыях самых вядомых карцінных галерэй, яны сталі жамчужынамі прыватных калекцый у розных краінах свету. Два з паловай гады таму ў самым сэрцы Навагрудка, побач з Замкавай гарой, ім быў пабудаваны прыгожы будынак – сапраўдная шляхецкая сядзіба, якая з’яўляецца адначасова і домам, і галерэяй, і майстэрняй. Менавіта там і адбылася мая сустрэча з нашым знакамітым земляком — Канстанцінам Іванавічам Качаном.

Мастак Кастусь Качан
Шлях да мастацтва

— Французскі пісьменнік Анатоль Франс больш за стагоддзе таму сказаў: «Сапраўдны мастак малюе не рукой, а сэрцам». Ці згодныя Вы з гэтым сцвярджэннем?

— Хіба можна не пагадзіцца з такімі мудрымі словамі? Каб мастак стварыў сапраўдны твор мастацтва, ён павінен усім сэрцам палюбіць тое, што з’яўляецца прадметам яго творчасці. А інакш у карціны не будзе душы, яна стане нямой, бязлікай, пустой. Такой, быццам яе намалявала машына, а не чалавек.У дзіцячыя гады ў маім сэрцы пасялілася любоў да роднага краю, да маёй краіны, маёй зямлі. З тых часоў менавіта яна кіруе маёй рукой, нацэльвае, натхняе, акрыляе. Менавіта дзякуючы ёй я змог стаць тым, кім з’яўляюся сёння.

— Кажуць, што творчыя здольнасці абумоўлены генетычна. Ці валодаў хто-небудзь з членаў Вашай сям’і талентам жывапісца?

— Шчыра кажучы, не магу пагадзіцца з тым, што талент перадаецца ў спадчыну. У гісторыі сусветнага выяўленчага мастацтва дынастый мастакоў не так ужо і шмат. Талент – гэта хутчэй божая іскра, а не запраграмаваны прыродай генетычны код. Ці былі ў каго-небудзь з маіх родных здольнасці да мастацтва? Дакладна сказаць не магу. Можа, і былі, але ў цяжкія пасляваенныя гады трэба было працаваць не пакладаючы рук, таму на творчасць не заставалася часу. Аднак я не магу адмовіць некаторага ўплыву сваёй старэйшай сястры на маё станаўленне як мастака. Памятаю, калі я быў маленькім, яна прынесла дадому алейныя фарбы. Іх пах я і цяпер не магу забыць. Фарбы настолькі мяне зачаравалі, што я нават не пашкадаваў сваіх валасоў, каб зрабіць з іх самаробны пэндзлік. Ім і выводзіў свае першыя лініі і ўзоры.Праз некалькі гадоў, калі сястры не ўдалося стаць студэнткай, яна пачала працаваць паштальёнам. Неяк у яе вялізнай сумцы я знайшоў часопіс «Аганёк», а ў ім – рэпрадукцыі вядомых карцін. І я ўпотай пачаў выразаць іх адтуль. Разумеў, што раблю дрэнна, аднак пейзажы Айвазоўскага, Рэпіна, Шышкіна так зачаравалі мяне, што сумленне змоўкла. Па праўдзе кажучы, іх знікнення з часопісаў так ніхто і не заўважыў. А для мяне яны сталі сапраўдным скарбам. Я хаваў іх на гарышчы дома, прымацоўваў бульбінай да сцен і гадзінамі разглядаў. Гэта і была мая першая карцінная галерэя, мой хатні Эрмітаж.

— Сучасныя дзеці для развіцця сваіх творчых здольнасцей могуць наведваць розныя гурткі, займацца ў школах мастацтваў. Зразумела, у Вашым пасляваенным дзяцінстве такіх магчымасцей не было. Як жа Вам удалося адкрыць у сабе любоў і схільнасць да жывапісу?

— Я нарадзіўся ў простай сялянскай сям’і, вучыўся ў звычайнай вясковай школе. Таму, на жаль, у дзіцячыя гады мне не пашчасціла сустрэць чалавека з мастацкай адукацыяй, які б зарыентаваў мяне, накіраваў, падказаў. У школе прадмет «Выяўленчае мастацтва» наогул выкладаў ці то гісторык, ці то матэматык. Таму базавых ведаў, уменняў і навыкаў у мяне не было. Але было вялікае жаданне, а гэта, верагодна, не менш важна. Усё дзяцінства я шмат маляваў, быў аўтарам школьных насценгазет. І ў хуткім часе зразумеў: тое, што я малюю, падабаецца не толькі мне. Аднойчы я захварэў і тры тыдні вымушаны быў правесці ў Любчанскім шпіталі. Каб я не сумаваў, хтосьці з родных прывёз мне каробку з дванаццаццю каляровымі алоўкамі. Па тых часах гэта быў неверагодна каштоўны падарунак. І я пачаў з захапленнем тварыць. Па памяці ўзнаўляў на паперы сцэны з вясковага жыцця – усё тое, па чым так сумаваў у бальнічным “зняволенні”. Суседзі па палаце з захапленнем адгукаліся аб маёй творчасці, любілі назіраць за нараджэннем маіх карцін. З часам паглядзець на мае творы сталі прыходзіць пацыенты з суседніх палат. Больш самаўпэўнены чалавек на маім месцы, мабыць, падумаў бы: вось яна, папулярнасць!

— Па першай адукацыі Вы — фізік. Чаму ж Вы першапачаткова абралі гэтую вельмі далёкую ад выяўленчага мастацтва прафесію?

— Нягледзячы на тое, што ва мне з дзяцінства жыла любоў да жывапісу, я не быў да канца ўпэўнены ў сваіх мастацкіх здольнасцях і вырашыў выбраць для сябе больш «зямную» прафесію. У школе вучыўся добра, таму спыніўся на прэстыжнай у той час спецыяльнасці «Фізіка» і стаў студэнтам Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.

— І як жа фізік стаў «лірыкам» — мастаком, творцам?

— Аднойчы на адну з лекцый мой аднакурснік прынёс біяграфічны раман пра Вінцэнта Ван Гога «Прага жыцця». Да таго часу я, безумоўна, ведаў імя гэтага геніяльнага галандскага мастака, але падрабязнасці яго цяжкага жыцця былі мне невядомыя. Пасля прачытання гэтай кнігі ўвесь свет для мяне нібыта перакуліўся. Ва мне прачнулася прага творчасці, а таксама з’явілася ўпэўненасць у сваіх сілах.І ўсё ж такі я скончыў фізфак. Нават адзін год працаваў па спецыяльнасці ў адной з мінскіх школ. Тлумачыў вучням тэорыю адноснасці, даказваў закон Архімеда, рашаў задачы — і не атрымліваў ніякага задавальнення ад гэтай працы. Таму што разумеў: педагогіка – гэта не маё жыццёвае прызначэнне. І мяне пашкадавалі, дазволілі не адпрацоўваць належны тэрмін. Але ў Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут па гэтай прычыне дакументы не прынялі. На працягу некалькіх гадоў я быў вольным слухачом гэтай установы, наведваў заняткі ў студыі, убіраў у сябе ўсё лепшае, як губка. Дзіўна, але факт: я стаў членам Беларускага саюза мастакоў, не маючы пры гэтым дыплома аб мастацкай адукацыі.

«Жыццё даецца, каб жыццё тварыць…»

— Сёння Вы – славуты мастак, Вашы працы добра вядомы як у нашай краіне, так і за мяжой. Як бы Вы сфармулявалі асноўную тэму і задачу сваёй творчасці?

– Я лічу, што мастак павінен адлюстроўваць у сваіх творах тое, што ён вельмі добра ведае, тое, што ён любіць. Без гэтага нельга. Мастацтва павінна быць шчырым. Таму галоўная тэма маёй творчасці – гэта беларуская зямля і людзі, якія жывуць на ёй. Часцей за ўсё ў цэнтры маёй увагі аказваецца беларуская вёска і яе жыхары. Заўсёды спрабую заўважыць, выявіць і адлюстраваць тую непрык­метную, але незвычайна кранальную прыгажосць, якая ёсць у невялікіх гарадах і вёсачках Беларусі. Задача, якую я стаўлю перад сабой, не вельмі простая: я хачу адлюстраваць на сваіх палотнах эпоху, у якой жыву. Хто ведае, можа быць, з цягам часу і па маіх карцінах будуць меркаваць аб тым, як у наш век жылі беларусы і як ім жылося?

— Як Вы знаходзіце сюжэты для сваіх карцін? Мэтанакіравана ці выпадкова?

— Я вельмі люблю падарожнічаць па Беларусі, асабліва па яе заходніх тэрыторыях. Падчас падарожжаў збіраю матэрыял, раблю замалёўкі, ствараю эцюды. Нездарма многія мастацтвазнаўцы называюць мяне «песняром беларускіх мястэчак».

— Пытацца ў мастака пра яго любімую карціну гэтак жа дзіўна, як пытацца ў бацькоў, каго са сваіх дзяцей яны любяць мацней. Але ўсё ж такі, можа быць, у Вас ёсць карціны, якія Вы асабліва шануеце?

— Вылучыць сярод дарагога самае любімае, сапраўды, вельмі няпроста. Аднак магу сказаць, што асабліва ганаруся сваімі раннімі карцінамі, дзякуючы якім змог заявіць пра сябе як пра мастака. Часам гляджу на іх і разумею: нягледзячы на назапашаны жыццёвы і мастацкі вопыт, нічога б у іх не змяніў. Па праўдзе кажучы, каштоўнасць сваіх твораў усведамляю толькі з цягам часу. Да кожнай створанай карціны прыглядаюся, прывыкаю, прыкіпаю душой. Дарэчы, значнасць тых палотнаў, якімі ганаруся сёння, таксама ўсвядоміў не адразу.

— Ці сочыце Вы за лёсам сваіх карцін?

— Не, у мяне не атрымліваецца, хоць вельмі шкадую пра гэта. Многія мае творы, быццам птушкі, разляцеліся па розных гарадах і краінах. Адсачыць іх далейшы лёс не ўяўляецца магчымым. Па праўдзе кажучы, я не ганаруся тым, што мае палотны знаходзяцца ў прыватных калекцыях многіх дзяржаў свету. Я ганаруся толькі тым, што дзякуючы мне ў гэтых краінах ёсць часцінка маёй радзімы. Быў час, калі я балюча перажываў расстанне са сваімі творамі. Нават выкупляў іх у новых уладальнікаў. Настолькі яны былі мне дарагія. А цяпер разумею: карціны як дзеці. Іх таксама трэба адпускаць.

— Чаму менавіта нацюрморт і пейзаж сталі Вашымі «фірмовымі» жанрамі?

— Не магу сказаць, што ствараю пейзажы ў прамым сэнсе гэтага слова. Прырода на маіх палотнах – гэта хутчэй дэкарацыя для чагосьці больш важнага, значнага. Усё ж такі галоўны герой усіх маіх твораў – гэта жыццё. Жыццё ва ўсіх яго праявах. Хіба існуе на зямлі штосьці больш цікавае і важнае?

— Кожны таленавіты мастак марыць пра таленавітага гледача. Ці часта Вы сустракалі такога гледача, які змог бы зразумець і ацаніць падтэкст Вашых карцін?

— Няма нічога дзіўнага ў тым, што я, як і многія мастакі, мару пра гледача, які не толькі глядзіць, але і бачыць. Вельмі прыемна чуць не толькі словы «Як прыгожа!», але і «Як глыбока!».І ўсё ж я лічу, што самы галоўны крытык мастацкага твора – гэта не яго глядач ці чытач, а яго аўтар. Таму, працуючы над карцінай, я думаю ў першую чаргу пра тое, як «парадаваць» сябе. І калі, гледзячы на вынік сваёй працы, я разумею, што мне ўсё падабаецца, я шчаслівы. Бо гэта значыць, што мне ўдалося правільна распарадзіцца дарам, які быў дадзены мне звыш.

— Як Ваша сям’я дапамагае Вам у творчасці?

— Сям’я – гэта самае каштоўнае, што ёсць у чалавека. Думаю, сям’ёй нельга назваць людзей, якія проста жы­вуць разам. Сапраўдная сям’я — гэта саюз роднасных душ, якія гатовы падтрымаць адзін аднаго ў любую хвіліну. І я шчаслівы, што мая сям’я менавіта такая — сапраўдная.Часам мне здаецца, што мая жонка Жанна Барысаўна разумее кожнае маё слова, нават калі я яго не вымавіў. Яна дапамагае мне і падтрымлівае ва ўсім. Гасцінна сустракае наведвальнікаў карціннай галерэі, праводзіць экскурсіі. А яшчэ збірае старадаўні шляхецкі посуд, у калекцыі ўжо назапашана нямала цікавых экзэмпляраў. Безумоўна, вельмі ганаруся сваімі дзецьмі, тым, што яны выраслі дастойнымі людзьмі. Сын Ігнат таксама абраў для сябе творчую, стваральную прафесію – стаў кінарэжысёрам. Па сутнасці сваёй ён таксама мастак, толькі стварае «ажыўшыя» карціны — кінафільмы. Я адчуваю, што мы з ім роднасныя душы. Дачка жыве ў Таліне, працуе псіхолагам, лечыць чалавечыя душы.

Добрая справа

— Ваша карцінная галерэя — адна з нямногіх у краіне прыватных карцінных галерэй. Вы патрацілі прыкладна дзевяць гадоў на яе будаўніцтва. Не хацелася ў нейкі момант спыніцца і адмовіцца ад задуманага?

— Вядома, было няпроста. Перыядычна ўзнікалі праблемы рознага характару: матэрыяльныя, тэхнічныя, бюракратычныя. Давялося шмат папрацаваць, перш чым галерэя была пабудавана. Нават Дзень будаўніка цяпер лічу сваім прафесійным святам. Але ні аб чым не шкадую. Гэта той выпадак, калі мэта апраўдвае сродкі.

— Ствараючы галерэю менавіта ў нашым горадзе, на сваёй малой радзіме, Вы, верагодна, ставілі перад сабой пэўныя мэты. Напрыклад, далучыць жыхароў і гасцей нашага горада да выяўленчага мастацтва, развіваць у сваіх землякоў любоў і цікавасць да творчасці. Ці апраўдалі навагрудчане Вашы надзеі?

— Напэўна, не ва ўсім. Сказаць па праўдзе, за час, які прайшоў з моманту адкрыцця галерэі, яе наведала не так шмат людзей, як мне хацелася б. Чаму? Не ведаю. Ці то баяцца, ці то саромеюцца, ці то не прывыклі.Аднак значна больш я хвалююся, калі вандрую па любімым горадзе і бачу, як яго гістарычная частка паступова губляе сваю самабытнасць. Жылыя будынкі з векавой гісторыяй «абнаўля­юць» з дапамогай сайдынга і іншых сучасных матэрыялаў. Замест венскіх вокнаў, характэрных для нашай мясцовасці, устаўля­юць бязлікія пластыкавыя рамы, пазбаўленыя арыгінальнасці. Назіраю гэта, і ў адчаі хочацца ўсклікнуць: «Гэта ж наша гісторыя, якую трэба аберагаць і захоўваць! Чаму ж мы яе не цэнім, а скажаем і знішчаем?». Мне вельмі хацелася б, каб мае землякі больш ашчадна адносіліся да свайго горада.

— Вы жывяце на два гарады — у Мінску і Навагрудку. Які з іх Вы лічыце сваім домам?

— Мой дом там, дзе мне добра. Я люблю Мінск, таму што там кіпіць жыццё. Аднак усё ж Навагрудак — старажытная сталіца – мне мілей і даражэй, чым сталіца сучасная. Сюды, на малую радзіму, мяне заўсёды цягне як магнітам, тут асабліва плённа працуецца. Вельмі люблю прыязджаць у сваю родную вёску Лаўрышава. Там мае карані, там пахаваны мае бацькі.

— Зусім нядаўна завяршыўся 2016 год, які быў аб’яўлены ў нашай краіне Годам культуры. На працягу ўсяго года дзяржава ўдзяляла пільную ўвагу менавіта гэтай сферы чалавечага жыцця. З Вашага пункту гледжання, якую карысць гэта прынесла?

— Лічу, што аб’явіць мінулы год Годам культуры было разумнай і глыбокай ідэяй. Гэта сведчыць пра тое, што наша дзяржава надае вялікае значэнне развіццю гэтай важнейшай сферы чалавечага жыцця. Спа­дзяюся, што многім дзеячам айчыннага мастацтва Год культуры прынёс рэальную карысць. А таксама мне хочацца верыць, што, дзякуючы Году культуры, беларусы сталі лепш усведамляць, што культура – гэта адзін з галоўных фактараў беларускай самабытнасці.

— Як Вы думаеце, што трэба рабіць для таго, каб культура стала прынцыпам усяго жыцця, а не асобнага года?

— Каб у душы чалавека пасяліліся любоў да высокай (а не масавай!) культуры і неабходнасць у ёй, чалавека трэба з дзяцінства да яе прывучаць. Калі ж у раннія гады гэта не было закладзена ў чалавека, то ў сталым узросце навучыцца цаніць, разумець і любіць мастацтва ўжо значна цяжэй. Аднак у любым выпадку для таго, каб культура магла ў поўнай меры выконваць свою ролю ў грамадстве, у гэту сферу патрэбна ўкладаць сур’ёзныя сродкі. А інакш ёй бу­дзе вельмі няпроста дастукацца да кожнай чалавечай душы.

Калісьці рускі пісьменнік Міхаіл Прышвін напісаў: “Мастак павінен быць сучасным і адначасова адчуваць вечнасць”. Думаю, гэтыя словы поўнасцю адпавядаюць майму сённяшняму суразмоўцу. Калі вы жадаеце ў гэтым упэўніцца, завітайце ў галерэю да нашага славутага земляка. Паверце, вас чакае шмат незабыўных уражанняў ад сустрэчы як з самім Мастаком, так і з яго творамі.

Наталля КУР’ЯН
“Новае жыццё” №1/2017 от 08 февраля 2017 г.

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *