Зміцер Вайцюшкевіч запрасіў на жартаўліва-лірычны музычны стэндап

Жыў-быў беларускі артыст Зміцер Вайцюшкевіч. Шмат дзе ездзіў ды спяваў, а неяк улетку разам з сям’ёй завітаў у Наваградак у карцінную галерэю ў госці да песняра беларускіх мястэчак спадара Кастуся Качана і чароўнай гаспадыні сядзібы мастака спадарыні Жаны Леановіч. Так пачалася гісторыя сяброўства творцаў.

А 1 снежня 2018 года выдалася цудоўная нагода для чарговай сустрэчы – канцэрт Змітра Вайцюшкевіча “Беларуская песня” ва ўтульнай і гасціннай наваградскай галерэі ля Замкавай гары.

Артыст абазначыў жанр падзеі як “музычны стэндап”, дзе гумар і жарты, жыццёвыя гісторыі і байкі ішлі побач з песнямі на словы Караткевіча, Бураўкіна, Барадуліна, Някляева і іншых нашых выдатных паэтаў. Гледачам, маленькім і дарослым, прыйшлося даспадобы такое дзіўнае прадстаўленне.

Прысутных атуліла хатняя атмасфера, усе раптам сталі добрымі знаёмымі, і хоць на вуліцы панавала зіма, у кожнага на душы было цёпла, хораша і неяк па-асабліваму святочна. Некалькі дзясяткаў чалавек шарым снежаньскім вечарам, сагрэтыя беларускай песняй, нібы паядналіся сэрцамі і думкамі.

У вокны галерэі пазіралі ліхтары, скрыпеў снег, гарэлі свечкі, ззялі ўсмешкі і дзеткі з дарослымі падпявалі артысту:

На Каляды, на Каляды
Снегапады, снегапады.
Не праехаць, не прайсцi –
Падымайся i ляцi.
Як сняжынка, як сняжынка
Ад сцяжынкi да сцяжынкi,
Ад ялiнкi да ялiнкi
У мае абдымкi…

Хай яшчэ неаднойчы творчыя сцяжынкі Змітра Вайцюшкевіча і карціннай галерэі Кастуся Качана сыйдуцца дзеля такіх ладных і прыгожых падзей!

Фотаальбом “Беларуская песня” Змітра Вайцюшкевіча” гартайце ТУТ!

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *