“Новае жыццё”. Дабрачынны ранішнік у карціннай галерэі Кастуся Качана ў Навагрудку
🎄 У сераду, 19 снежня, у карціннай галерэі Кастуся Качана ў рамках акцыі «Нашы дзеці» прайшоў дабрачынны ранішнік для дзяцей Навагрудскай спецыяльнай агульнаадукацыйнай школа-інтэрната для дзяцей з цяжкімі парушэннямі мовы, парушэннямі псіхічнага развіцця (цяжкасцямі ў навучанні).
Да дабрачыннай акцыі далучыліся члены валанцёрскага атрада «Прамень» Навагрудскага дзяржаўнага аграрнага каледжа, пробашч Навагрудскай парафіі Святога Арханёла Міхала ксёндз Юрый Жэгарын. Другі год запар у мерапрыемстве прымаюць удзел і супрацоўнікі ПП «НьюСнаб» з горада Мінска.
– Сустракацца напярэдадні Каляд у галерэі ўжо стала добрай традыцыяй. Чацверты год мы праводзім такія мерапрыемствы, прыемна, што адгукаюцца нераўнадушныя людзі. Рабяты, сёння вы не проста прымеце ўдзел у ранішніку, але і дакранецеся да мастацтва, пазнаёміцеся з творчасцю мастака Кастуся Качана, – з такімі словамі звярнулася да дзяцей гаспадыня галерыі Жанна Качан. – Раство Хрыстова, Новы год – час, калі збываюцца самыя запаветныя мары і жаданні, калі прынята дарыць падарункі і рабіць добрыя справы. Я віншую вас з надыходзячымі святамі, усім жадаю ўсмешак, радасці, здароўя, добрых сяброў.
Завітаў на свята да дзяцей і незвычайны госць Дзед Мазай, ролю якога выканаў пісьменнік Міхась Зізюк.
Дзеці і госці разам упрыгожылі лясную прыгажуню – елачку, малявалі, расказвалі вершы, дзяліліся сваімі запаветнымі марамі і жаданнямі. Адным словам, сумаваць не было калі. Разам з навучэнцамі аграрнага каледжа дзеці ўдзельнічалі ў тэатралізаваным прадстаўленні, вадзілі карагод.
Віншаванні ў адрас дзяцей і шчырыя пажаданні падчас мерапрыемства прагучалі ад усіх гасцей.
–Такія мерапрыемствы вельмі патрэбны. Самае важнае – быць багатым у душы, – сказаў ксёндз Юрый Жэгарын. – Радасна ад таго, што столькі радасці, любові, дабрыні сёння ў вашых вачах. Дарагія рабяты, жадаю вам, каб усе вашы запаветныя мары збыліся, каб вы былі здаровымі і шчаслівымі.
А якія ж святы без падарункаў? Дзякуючы валанцёрам і падтрымцы добрых людзей, якія сабралі сродкі, усе прысутныя на ранішніку атрымалі падарункі. Кожны на ранішніку атрымаў не толькі добры настрой і салодкі падарунак, але і цеплыню душы, радасць, надзею. Гэтыя каштоўнасці назаўсёды застануцца ў сэрцах дзяцей. Менавіта ў гэтым мае патрэбу кожнае дзіця, якое апынулася ў цяжкай жыццёвай сітуацыі.
Вольга ПІСАР
Газета “Новае жыццё”, 19 снежня 2018 г.