“Гродзенская праўда”. Кастусь Качан: “Гэтая выстава – ланцуг вялікага праекта, прысвечанага Году малой радзімы”

Кастусь Качан: “Гэтая выстава – ланцуг вялікага праекта, прысвечанага Году малой радзімы”

Персанальная выстава члена Саюза мастакоў Беларусі Кастуся Качана “Радзімаю зачараваны” пачала працу ў Сенатарскай зале Новага замка.

– Творы Кастуся Качана дапаўняюць мастацкую прастору Гродзеншчыны. Яны выклікаюць задумлівыя ўспаміны, запрашаюць паразважаць. Спадзяюся, што ў будучым мы зможам паказаць гэтую выставу большай колькасці гарадоў Гродзенскай вобласці, – адзначыла начальнік упраўлення культуры аблвыканкама Алена Клімовіч.

Творы мастака знаходзяцца не толькі ў Беларусі, але і ў прыватных калекцыях па ўсім свеце. Геаграфія мастацтва Кастуся Качана вельмі шырокая – ад Германіі, Польшчы, Літвы і Аўстрыі да ЗША, Турцыі, Паўднёвай Карэі, Кітая і нават В’етнама.

– Гэтая выстава – ланцуг вялікага праекта, прысвечанага Году малой радзімы, – адзначае мастак. – Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь прапанавала мне прадставіць свае працы ў буйных гарадах і абласных цэнтрах. Першымі палотна ўбачылі жыхары Баранавічаў, потым мы накіраваліся ў Брэст. У Гродне выстава будзе працаваць да апошніх дзён красавіка.

Краявіды Гродзеншчыны невыпадкова апынуліся на палотнах мастака. Кастусь Качан нарадзіўся на Навагрудчыне і падчас стварэння кожнага твора імкнецца перадаць гледачу свае ўспаміны родам з дзяцінства, тагачаснае ўспрыманне свету. Сенажаць, усыпаная жоўтымі агеньчыкамі дзьмухаўцоў, талерка з аметыставымі слівамі, сцежка, якая бяжыць скрозь поле, – кожная праца перадае тую беларускасць, якая асабліва праяўляецца ў правінцыі.

– Не магу назваць сябе пейзажыстам у поўным сэнсе гэтага слова. Мае творы адлюстроўваюць не толькі маляўнічыя краявіды, але і людзей навокал, пэўны час і пэўную гісторыю.

Свою першую працу, якая атрымала прызнанне творчай супольнасці, Кастусь Качан можа без роздуму ўспомніць і зараз. У 1982 годзе яна была выстаўлена ў карціннай галерэі ў Навагрудку, дзе, да слова, змяшчаецца асобная экспазіцыя з творамі мастака. Натхняе менавіта малая радзіма – дзе кожны дом, узгорак, дрэўца надаюць ідэі для наступнага сюжэту.

Юлія ЦІМАШЧУК
“Гродзенская праўда”, 13 красавіка 2019 г.

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *