“Культура”. Спакой і гармонія, якіх нам не стае

Яшчэ некалькі стагоддзяў таму ў мастацтве жывапісу склалася субардынацыя жанраў. На ўзроўні падсвядомасці грамады яна існуе і сёння. У ёй крытэрый значнасці — прафесіяналізм. Лічыцца, што шматфігурную кампазіцыю намаляваць куды цяжэй, чым партрэт ці нацюрморт. Адпаведна, вышэйшая праява майстэрства — гэта нібыта батальны жанр, прыступку ніжэй займае сюжэтны жывапіс. Краявід жа знаходзіцца бліжэй да падмурка піраміды. Пры гэтым ён быў і застаецца, бадай, самым дэмакратычным жанрам. Не кожнаму інтэр’еру пасуе сюжэтнае палатно, парадны партрэт ці ню. А выява краявіду робіць утульным і палац, і офіс, і жытло паспалітага чалавека.

Зноў жа лепей быць выдатным пейзажыстам, чым абы якім баталістам. Прынамсі, славу беларускаму жывапісу ў мінулым стагоддзі прынеслі менавіта два геніяльныя майстры краявіду — Вітольд Бялыніцкі-Біруля і Віталь Цвірка. А тое, які моцны эмацыйны імпульс можа атрымаць глядач ад па-майстэрску намаляванага краявіду, я не аднойчы адчуваў і на выставах, і ў майстэрнях мастакоў. Вось і зараз цудоўнымі ўражаннямі запомнілася мне персанальная выстава мастака з Навагрудка Кастуся Качана, прымеркаваная да 70-годдзя творцы.

Нарадзіўся спадар Кастусь у вёсцы Лаўрышава, што на Навагрудчыне. У дваццаць пяць гадоў меў вышэйшую адукацыю, ніякім чынам не звязаную з мастацтвам — Фізічны факультэт БДУ. Працуючы па атрыманай спецыяльнасці, тры гады як вольны слухач наведваў Тэатральна-мастацкі інстытут. Далей быў удзел у выставах, членства ў Беларускім саюзе мастакоў, узнагароды БСМ і Міністэрства культуры. Шэсць гадоў таму стварыў у Навагрудку прыватную мастацкую галерэю. Для характарыстыкі такіх асоб звычайны папулярны англамоўны выраз “self made man” — чалавек, які стварыў сябе сам.

Тое, што творца, які не мае ганаровых званняў і ўрадавых узгарод, ладзіць персаналію ў сценах галоўнай мастацкай скарбніцы краіны ўжо само сабой рэч незвычайная. Такі гонар надаецца толькі тым, хто і пры адсутнасці афіцыйных атрыбутаў высокага статусу валодае высокім аўтарытэтам у прафесійных і калямастацкіх колах. Гэта якраз пра Кастуся Качана. Як і належыць носьбіту сапраўднага таленту, ён чалавек сціплы. Ды і творчасць ягоная вонкава не кідкая. У карцінах спадара Кастуся няма нічога такога, што б здалёк кідалася ў вочы. Але калі спыніўся каля ягоных краявідаў, дык доўга не адыходзіш. Спадар Кастусь занатоўвае малавядомы жыхарам мегаполісаў і буйных гарадоў свет беларускіх вёсак і мястэчак. Інакш кажучы, малюе “глыбінку”. Я свядома бяру гэта слова ў двукоссі, бо “глыбінка” ці “сталіца”, на маю думку, гэта толькі розныя дэкарацыі адной і той жа п’есы — бо паўсюдна ў людзей адны і тыя ж клопаты і праблемы, радасць і смутак.

Асабіста я пазнаёміўся з беларускай “глыбінкай” дзякуючы сваёй прафесіі. Як журналісту, мне пашчасціла наведваць мясціны, куды выправіцца самахоць неяк не выпадала. І часу на тое не стае, і больш пільныя справы трымаюць. А галоўнае, калі нейкая цікавостка, лічы, побач — на адлегласці якіх-небудзь 50 — 100 кіламетраў, дык здаецца, заўжды паспею… Адзначу, што маё ўспрыманне Навагрудка, Міра ці Вішнева з бачаннем спадара Кастуся калі і супадае, дык толькі часткова. Па маіх назіраннях, беларускія мястэчкі — гэта добраўпарадкаваныя паселішчы з наяўнасцю ўсіх чыннікаў сучаснай цывілізацыі.

А на карцінах спадара Кастуся час нібы спыніўся. Драўляныя дамкі на берагах невялікіх рачулак, вузкія вулкі, перспектыва якіх упіраецца ў касцёл. Так магла выглядаць наша зямля два — тры стагоддзі таму, пры тым, што ўсё гэта намалявана з натуры. Мастак пакідае па-за сваёй увагаю адметныя рысы сучаснасці. Рэдка-рэдка на ягоных палотнах з’явіцца сілуэт самахода, ды і то на візуальнай перыферыі. Тое, што на палатне дзень сённяшні, іншы раз сведчыць хіба нейкая дэталь кшталту формы дзіцячага вазка. Такое лецішча, такі ракурс для творцы не можа быць выпадковым.

Мяркую, што Кастусь Качан паставіў сабе за мэту занатаваць рэшткі “Беларускай Атлантыды” — Вялікага Княства і Рэчы Паспалітай Абодвух Народаў, што адышлі ў гістарычны нябыт, але жывуць у нашай падсвядомасці. Мастак малюе пейзажы заходняй часткі нашага краю, дзе з пэўных гістарычных прычын знакаў згаданай эпохі засталося болей, чым на ўсходзе Беларусі. Мастак знаходзіць у гэтых рэаліях спакой і гармонію, якіх усім нам часам не стае.

Пётра ВАСІЛЕЎСКІ, спецыяльны карэспандэнт газеты “Культура”
“Культура”, № 11 (1450) 14.03.2020 – 21.03.2020 г.

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *