Карціна “Зімовы вечар”
Горад. Вечар. За акном – 2021 год. Гурбы снегу. Трашчыць мароз. “Нарэшце, сапраўдная зіма”, – дзівіцца Мастак, гледзячы ў акно. І думкі яго ляцяць праз дзесяцігоддзі, скрозь зімовыя прыцемкі, у сціплую сялянскую хату. Туды, дзе пачынаецца гісторыя аднаго з самых знакамітых і знакавых твораў Кастуся Качана – “Зімовы вечар”.
– Усе мае творы – гэта рэальна існуючы свет, які жыве ўва мне, у маёй свядомасці з самага ранняга маленства. Ён адначасова духоўны і матэрыяльны, – дзеліцца Мастак. – Таму мне важна, каб чалавек, які глядзіць на маю карціну, мог на імгненне перанесціся ў гэты свет, увайсці ў яго, адчуць падобныя да маіх эмоцыі, перажыванні. Мастацтва, увогуле, і служыць для таго, каб далучаць людзей да чагосьці светлага, высокага, вечнага, бязмежнага.
Вось і карціна “Зімовы вечар” – гэта фрагмент успамінаў з майго дзяцінства. Я нарадзіўся на хутары, што непадалёк ад вёскі Лаўрышава Навагрудскага раёна. Жыў там недзе да 8-9 гадоў. І хоць цяпер ад хутара нічога не засталося, але час, праведзены там, і сёння служыць для мяне невычэрпнай крыніцай натхнення. Бо менавіта ў раннім дзяцінстве чалавек звычайна адкрывае для сябе навакольны свет і, дзякуючы гэтаму, фарміруе ўяўленне аб яго разнастайнасці, унікальнасці і багаццях. А эмоцыі ад пабачанага кладуцца на душу і ўвасабляюцца ў светапоглядзе.
Так і матыў “Зімовага вечара” бярэ свой пачатак у маім маленстве. Памятаю, мне было недзе, мо, 5-6 гадоў, а то і яшчэ меней. Зімы тады стаялі суровыя. І нас, малечу, бацькі рэдка пускалі на вуліцу. Таму я бавіў час, гледзячы на свет праз акно. Якраз гэты момант сузірання, дзіцячага пазнання жыцця адбіўся ў маёй памяці назаўжды. Пазней гэтыя імгненні, вобразы роднай сядзібы, эмоцыі не раз ўваскрасалі ўнутры мяне, хвалявалі душу, пакуль не выліліся на палатно.
Таму “Зімовы вечар” для мяне гэта не проста карціна, а шчымлівая мелодыя дзяцінства… Вось гумно, а ля яго сталая жанчына з вядром. Яна поіць дзвюх бурых кароў. Гэта мая матуля… Кожная дэталь тут адгукаецца ўва мне, кранае самыя таемныя струны сэрца.
Знакава, што карціна “Зімовы вечар” адносіцца да ранняга перыяду маёй творчасці. Паказаў я яе ў 1983 годзе, у Палацы мастацтваў, падчас адной з першых рэспубліканскіх выстаў з маім удзелам. Мне было важна ўвайсці ў свет мастацтва з адкрытай душой, шчыра падзяліцца з іншымі патаемным, каб яны па-сапраўднаму судакрануліся з творам, адчулі яго праўдзівасць, глыбіню, прачыталі ў ім маё жыццё.
І як было радасна, што гледачы, мастакі, у тым ліку нашы мэтры Міхаіл Савіцкі, Леанід Шчамялёў, Гаўрыла Вашчанка, мастацтвазнаўцы адчулі такое маё пасланне. Карціну цудоўна прынялі, яна адразу зацікавіла грамадскасць, атрымала шмат станоўчых водгукаў. І для мяне, як для мастака, гэта стала ўдалым дэбютам. Гаварылі, што на небасхіле айчыннага жывапісу з’явілася новае імя. Такая высокая адзнака дазволіла карціне “Зімовы вечар” трапіць на Усесаюзную выставу ў Маскве, дзе твор ізноў чакаў добразычлівы прыём. Гэта было адначасова прыемна і хвалююча, бо ставіла перада мной высокую планку. Мяне аднеслі да ліку перспектыўных маладых мастакоў Савецкага Саюза, творы бралі для выстаў, яны экспанаваліся ў розных краінах свету, а таксама друкаваліся ў альбомах жывапісу і на паштоўках.
Пазней калекцыянеры рабілі мне нямала прапаноў набыць карціну “Зімовы вечар”, але я вырашыў пакінуць яе ў сябе як бясконца дарагі і блізкі сэрцу твор. І зараз, калі я праводжу экскурсіі ў сваёй галерэі ў Навагрудку, кажу наведвальнікам, што гэта мой своеасаблівы талісман. А бывае, калі нікога няма, я часам падыйду да карціны, акіну яе вокам і падумаю “няўжо гэта напісаў я?” Нездарма і цяпер, праз столькі год, сябры-мастакі ў разважаннях пра маю творчасць часта ўзгадваюць менавіта “Зімовы вечар”. Бо, сапраўды, кожны ў гэтым творы можа знайсці штосьці роднае, зразумелае, сваё. Тут пануе сціплая гама, стрыманыя колеры, а хрысціянская пакорлівасць сплятаецца з нечым дагістарычным, неакрэсленым, неспазнаным. Памежнае імгненне ўсведамлення зямного і адначасова далучэння да вечнасці. Адчуванне абсалютнага яднання чалавека і асяроддзя. Нядзіўна, што ўсіх, каго лёс зводзіць з “Зімовым вечарам”, ахоплівае моцнае глыбіннае пачуццё, якое потым яшчэ доўга гучыць унутры. Я бы назваў яго вечаровы стан душы.
“Экспазіцыя. Асноўны альбом” глядзець ТУТ!
“Экспазіцыя. Абраныя творы” глядзець ТУТ!