Карціна “Зямля мая, зямля маіх продкаў”
Раніца. Першы дзень вясны. Старажытны горад прачынаецца рана, а разам з ім і Мастак. Вокны яго майстэрні глядзяць на Замак, на Фару. Ад гэтага віду кожны раз сэрца Кастуся Качана б’ецца радасна, нібы ў дзяцінстве. Фарбы яго любові да Наваградка з гадамі застаюцца такім ж глыбокімі і ўзнёслымі, як на карціне “Зямля мая, зямля маіх продкаў”…
– Ведаеце, што жывіць творчасць? – на імгненне адарваўшы погляд ад наваградскіх краявідаў, пытае Мастак. – Для сябе я ўжо даўно адказаў. Гэта родная зямля. Нездарма яе параўноўваюць з маці. Бо ў ёй заключана вялікая сіла жыцця. І ты можаш апынуцца за тысячы кіламетраў ад Радзімы, а яе моц будзе і на адлегласці цябе напаўняць, насычаць, абуджаць, натхняць, уздымаць над сабой і над абставінамі.
Калі казаць менавіта пра карціну “Зямля мая, зямля маіх продкаў”, то яна адносіцца да серыі твораў, напісаных у ранні перыяд маёй творчасці, а дакладна ў 1984 годзе. Тады ж яна была ўпершыню прадстаўлена шырокай публіцы на рэспубліканскай выставе ў Палацы мастацтваў у Мінску. Мае шаноўныя калегі-мастакі, аўтарытэтныя мастацтвазнаўцы і, што вельмі важна для мяне, наведвальнікі экспазіцыі надзвычай добразычліва і цёпла прынялі карціну. Станоўчыя водгукі яна атрымала і на выставе ў Маскве. А далей твор дзесяцігоддзямі паспяхова падарожнічаў па розных краінах свету і на мове мастацтва расказваў сотням людзей пра прыгожасць Наваградчыны.
У чым таямніца і прыцягальная сіла дадзенай карціны? Думаю ў тым, што яна напісана з глыбіні майго сэрца. Бо гэта твор-прысвячэнне маёй слаўнай малой радзіме, а дакладна Наваградку, старажытнаму гораду з велічнай гісторыяй. З малых гадоў мяне вабілі яго ўзгорыстыя краявіды, утульныя вулачкі, асаблівы беларускі дух і каларыт. Да гэтага месца, дзе паблізу, у вёсцы Лаўрышава, прайшлі мае дзіцячыя гады, я заўжды адчуваў шчырую любоў. Наваградская зямля нястомна клікала мяне да сябе, як бы далёка я не быў ад яе.
Памятаю першае спатканне з Наваградкам. Тады я толькі пайшоў у школу, хутка рос, і мне спатрэбілася нешта з адзення. Таму матуля і ўзяла мяне з сабой у горад. Што дакладна мне купілі, ужо не ўзгадаю, а вось уражанні ад Наваградка так глыбока запалі ў дзіцячую душу, што і дагэтуль ажываюць на маіх карцінах. Нават зараз закрываю вочы і бачу, як наш невялікі аўтобус з цяжкасцю падымаецца на гару. Я, малы, моцна перажываю, што ён не здолее адолець гэтую перашкоду. Аж раптам такая радасць, што ўсё атрымалася, і мы ўжо спакойна едзем па гарадской плошчы. Асобныя ўспаміны звязаны з наваградскімі вежамі на Замкавай гары. Мне здавалася, што яны ўзносіліся да самага неба і краналіся аблокаў. З цікавасцю я дзівіўся і на Фарны касцёл, і на непадобныя да вясковых гарадскія дамы. Тая паездка настолькі мяне ўсхвалявала, што я потым доўга не мог супакоіцца. Ды і зараз, калі распавядаю гэтую гісторыю, сэрца пачынае біцца хутчэй. Выключна прыемныя эмоцыі, якія сталі неад’емнай часткай майго жыцця.
Ведаеце, каб хтосьці тады сказаў тому хлопчыку, што яму пашчасціць жыць у такім прыгожым горадзе ды яшчэ стаць мастаком, заснаваць тут уласную галерэю і багата карцін прысвяціць Наваградку, малеча прыняў бы гэта за фантастычны аповед.
Скажу шчыра, што для мяне шчасце дзесяцігоддзямі адлюстроўваюць у сваіх творах хараство і веліч Наваградка, скарбы яго архітэктуры і гісторыі. Гэта ж дзіва, што потым людзі глядзяць на такую карціну, і чуецца ім рэха Вялікага Княства Літоўскага, бачацца магутныя постаці славутых продкаў, сапраўдных волатаў духу.
Пытаеце, колькі карцін прысвечана мной Наваградку? Дзесьці пяцьдзесят дакладна будзе. Дарэчы, сёлета планую ў сваёй галерэі якраз зрабіць тэматычную выставу. А назаву яе проста, ад сэрца, – “Мой Наваградак”. Між іншым, там наведвальнікі змогуць таксама пабачыць карціну “Зямля мая, зямля маіх продкаў”.
А што далей? Вядома, жыццё. Вось так буду ўставаць, падыходзіць да вакна і, нібы ў першы раз, насалоджвацца гэтай жывой наваградскай карцінай, з суровымі замкавымі вежамі і з красуняй Фарай, напаўняцца ціхай паэзіяй правінцыйнага быту, каб потым увекавечыць убачанае і адчутае на палатне. Такі вось сціплы, але ад усёй душы, дар мастака сваёй зямлі, зямлі сваіх продкаў.
“Экспазіцыя. Асноўны альбом” глядзець ТУТ!
“Экспазіцыя. Абраныя творы” глядзець ТУТ!