Праект “Созвучие”. Радзімазнаўства. Мелодыі раніцы і вечара: Адкрываючы жывапіс Кастуся Качана
Ёсць у выяўленчым мастацтве імёны не гучныя, з кагорты тых, хто не спяшаецца сябе вылучаць, калі хочаце – рэкламаваць… Але плён іх працы вядомы сапраўдным аматарам жывапісу ці графікі. З такіх мастакоў, відавочна, ‒ і Кастусь Качан, які ўжо далёка не першае дзесяцігоддзе малюе родную Наваградчыну, ды і іншыя прывабныя мясціны Гарадзеншчыны, Міншчыны.
Узіраюся ў даўнія яго «Стрыгалі» (1982), дзе вясковая жанчына стрыжэ авечку. Пра такі занятак не кожны гараджанін і чуў, а тут такі каларыт, такое дзейства і разам з энергіяй гаспадыні, якая схілілася над пакорнай авечкай і робіць сваю справу, ‒ яшчэ і вясковы краявід, цішыня лугавіны, спакой дрэў паблізу. Альбо звернем позірк на «Бабіна лета» (1984), у якім месца знайшлося і аратаю, і тым жанчынам, што збіраюць бульбу. Адна з капальніц – відавочна, сталага веку гаспадыня. Мо ёй якраз і дапамагаюць дзеці, проста блізкія людзі, мо суседзі?.. А чаго вартая сустрэча з карцінай «Лета ў Люцынцы» (1983)?!. І першы план, і бясконцы краявід – усё тут сугучна, суладна, прыцягальна. Як уражвае і «Краявід з мёртвым дрэвам»… Снег, замак, ёлка, птушкі, якія ўзняліся над вежамі замка… І снег, бялюткі, яркі, які забірае пагляд. Снег, праз які да замка крочыць, прабівае сцяжынку ў снежнай цаліне мастак. Мусіць, крочыць сам Кастусь Качан… І ніякага холаду няма ў гэтай белізне. Ёсць толькі святло, бясконцае снежнае святло!.. Прывабнае і магнетызуючае святло!..
«Зіма ў Навагрудку» (1991), «Навагрудак зімой» (1988)… Шмат гадоў назад Алег Аблажэй напісаў у часопісе ««Мастацтва» пра феномен мастака з Навагрудчыны: «… Прырода навагрудская маўчала, дый нарадзіла мастака, каб сказаць слова пра сябе: даўно не было такога, каб глядзеў і хацелася глядзець. Жыццё ў рамах – і нават у вакно ўжо глядзіш вачамі Кастуся – як бы на працяг яго жывапісу, і ўжо незразумела, дзе пачынаецца прырода, а дзе канчаецца мастацтва. Можна хваліць мастака, можна ганіць – гэта не саб’е яго са свайго шляху, бо ім гаворыць голас яго зямлі. Як бы існуюць нябачныя крані, што цягнуцца з палотнаў і п’юць сокі проста з нашай сьціплай, шэрай глебы…»
Праца «Навагрудак зімой» – не проста пейзаж, гэта погляд праз родны краявід у вечнасць, у сівую гісторыю. Карціна выклікае шмат розных асацыяцый. Яе сімвалы, занатаваныя краскамі, фарбамі, вынайдзенымі Кастусём Качаном, ‒ падарожжа у заўтра, напамін нашчадкам, якія яшчэ прыйдуць і ўгледзяцца ў адкрыцці навагрудскага Мастака, што мы, беларусы, багатыя прыроднымі манументамі вечнасці.
А «Мястэчка Мір» (1991), «Нядзеля ў Нягневічах» (1988), «Хрэсны ход ва Уселюбе» (1990), «Навагрудак» (1990), «Базарны дзень у Навагрудку» (1990)… «Краявіды бацькаўшчыны, на шчасьце, яшчэ не зьнішчаныя дарэшты тэхнічным прагрэсам, нараджаююць усё новыя і новыя задумы. Як мастак ён разьвіваецца так, як павінен разьвівацца толькі ён адзін, ‒ проста і натуральна. І працуе з натхненьнем. Адсюль і адметнасьць твораў майстра, якую многія мастакі шукаюць, не выходзячы з майстэрняў, як з карцэраў, забываючыся на тое, што ў кожнага народа свой шлях да праўды. У тым ліку і мастацкай» (Ян Карловіч).
Карціны Кастуся Качана – мост паміж часінамі, мост сучаснага і разам з тым багатага сваёй пераемнасцю традыцый мастака. Адкрыцці, зробленыя таленавітым творцам, уводзяць гледача ў свет высокай, захопленай любові да роднага края. І ў гэтым, пэўна, самая вялікая таямніца жывапісца, галоўны сакрэт велічы яго таленту.
Кастусь ЛАДУЦЬКА
Праект “Созвучие” (Выдавецкі дом “Звязда”), 23 чэрвеня 2021 г.