Калядныя і навагоднія хронікі нашых з вамі добрых спраў для дзетак. Частка 1
Нашы любыя сябры!
З новым тыднем, прыемнымі адкрыццямі і незабыўнымі ўражаннямі і надзеямі!
Дарэчы, вы таксама чуеце там, за туманамі і дажджамі, калядныя перазвоны, навагоднія хлапушкі і святочныя песні? А гэта значыць, што з кожным днём усё бліжэй наша традыцыйнае дабрачыннае свята Любові і Дабрыні. Бо ўжо больш за 5 гадоў у карціннай галерэі Кастуся Качана мы разам з вамі моцай сваіх вялікіх сэрцаў ствараем для дзяцей сапраўдную зімовую казку.
Сёлета мы зноў станем для хлопчыкаў і дзяўчынак чараўнікамі і падарым ім доўгачаканыя цуды.
А пакуль прагартаем святочны фотаальбом і ўзгадаем, як усё адмыслова ў нас з вамі атрымоўвалася ў мінулыя гады…
Адным зімовым днём у 2015 годзе, напярэдадні Калядаў, нашу карцінную галерэю напоўнілі ўсмешкі дзетак з Навагрудскай спецшколы-інтэрната. Так пачалася гісторыя шматгадовай зімовай казкі, якая аб’яднала дзясяткі дзяцей і дарослых.
Колькі за гэты час мы пабачылі яркіх тэатралізаваных праграм, дзякуючы нашаму вялікаму сябру Генуце Грыцутэ і яе таленавітым студэнтам з навагрудскіх каледжаў, заспявалі песняў, згулялі гульняў ды ўпрыгожылі ялінак! А як не ўзгадаць душэўныя размовы за гарбатай, цёплыя абдымкі, вясёлыя карагоды!
Падрыхтавалі для нас сюрпрызы і самі хлопчыкі і дзяўчынкі з Навагрудскай спецшколы-інтэрната. Летась яны ўразілі ўсіх гасцей свята феерычным мюзіклам “Навагоднія прыгоды Машы і Віці”.
Таксама разам з нашымі сябрамі-дабрачынцамі мы віншавалі дзетак не толькі ў сценах карціннай галерэі, але і з падарункамі прыязджалі да іх у госці.
Цікавая атрымалася і геаграфія навагодніх добрых спраў. Бо да нашай дабрачыннай акцыі за мінулыя гады прыядналіся не толькі жыхары Навагрудка, але і з розных куткоў Беларусі, а таксама з Літвы, Расіі і Амерыкі.
І гэта яшчэ не ўсё. Пра тое, як гэта проста – стаць для іншага чараўніком і падзяліцца сваёй любоўю – працягнем распавядаць праз тыдзень…
А пакуль моцна абдымаем, жадаем, каб у вашых душах, насуперак усім прагнозам надвор’я, хутчэй прачнуўся калядны дух, і свет навокал стаў крыху дабрэйшым і больш святочным!
Адрас карціннай галерэі Кастуся Качана: г. Навагрудак, вул. Замкавая, 9.
Тэлефон для сувязі / Viber: +375293460323 (Жанна).