Калядныя і навагоднія хронікі нашых з вамі добрых спраў для дзетак. Частка 2
Мілыя і блізкія сэрцам сябры!
Гэты тыдзень крыху парадаваў нас снегам. Але колькі захаплення прынеслі нам першыя сняжынкі! Сапраўды, для шчасця чалавеку патрэбна так няшмат. Больш таго мы самі можам дарыць гэтае самае запаветнае шчасце адно аднаму ўвесь год з нагоды і без. Анёл-ахоўнік жыве ў душы кожнага з нас! Мы ведаем гэта напэўна, бо ўжо столькі год разам з вамі ў Навагрудку дорым калядныя і навагоднія цуды хлопчыкам і дзяўчынкам, юнакам і дзяўчатам.
У мінулы раз мы распавядалі вам пра традыцыйныя душэўныя ранішнікі ў карціннай галерэі Кастуся Качана для выхаванцаў Навагрудскай спецшколы-інтэрната. Але прыходзяць цуды і да тых, кто старэйшы па ўзросту, – навучэнцаў мясцовых каледжаў, якія не маюць родных і блізкіх. Гэты праект пад назвай SECRET SANTA нарадзіўся, дзякуючы неверагоднаму і таленавітаму чалавеку Генуце Грыцутэ.
Дык як стать такім сакрэтным Сантай? Усё проста. Вы звязваецеся з намі як арганізатарамі, мы даём імя юнака ці дзяўчыны, вы рыхтуеце ім падарунак, які бліжэй да святаў яны і атрымліваюць, зразумела, ад самага сапраўднага сакрэтнага Санты. Ці вы можаце падтрымаць праект так, як лічыце неабходным і магчымым, а арганізатары ўжо самі сфарміруюць падарункі.
Чакаем вас у нашай камандзе добрых спраў! Хай міласэрнасці і прыгажосці ў свеце стае з кожным Новым годам больш! Бо ўсё немагчымае магчыма, калі мы ёсць адно ў аднаго!
Адрас карціннай галерэі Кастуся Качана: г. Навагрудак, вул. Замкавая, 9.
Тэлефон для сувязі / Viber: +375293460323 (Жанна).