Карціна “Жнеі”
Ціхі жнівеньскі ранак.
Матуля ласкава гладзіць па галаве соннага хлопчыка, ціхенька кранае яго за плячо:
“Сынок, ты пад вечар прыйдзі на поле, дапамажы мне ставіць снапы ў мэндлі. Сняданак на стале,
прачнешся – не забудзь паесці.
“Добра, мама, прыйду”- кажа сын і спіць далей. Прачнуўся, паснедаў, а тут і сябры прыбеглі.
Усе разам пабеглі на Нёман, купаліся, з разбегу скакалі ў ваду са стромкага берагу…
А пад вечар нечакана насунулася цёмная хмара, і вось-вось пойдзе дождж…
І тут сын успомніў, аб чым папрасіла мама: “Сынок, прыйдзі, дапамажы.”
Што ёсць моцы, хлопчык пабег на поле, да якога было з кіламетр. Бяжыць і думае, што скажа маці?
Вось і поле. Снапы ўжо ў мэндлях стаяць. І фігурка мамы, якая трымае апошні сноп, каб паставіць
яго наверх.
– Мама, давай дапамагу.
Сын бярэ сноп, ставіць наверх.
– Дзякуй, сынок, дапамог…
І больш ні слова.
Хай бы яна лепей насварылася, накрычала, а гэтыя тры словы: “Дзякуй, сынок, дапамог…” так балюча заселі ў галаве.
Прайшлі гады, дзіцячая гісторыя прызабылася, але пачуцце віны засталося.
І вось у 1990-м годзе мастак піша карціну “Жнеі” і прысвячае яе сваёй Маці, просячы прабачэння за той цёплы жнівеньскі дзень, у якім было так добра, але раптам насунулася цёмная хмара…