На Дзень адчыненых дзвярэй у карцінную галерэю завітаў гурт “Рада”
25 чэрвеня 2016 года сядзіба мастака Кастуся Качана ў другі раз запрасіла жыхароў і гасцей Навагрудка на Дзень адчыненых дзвярэй.
Праграма свята прыйшлася даспадобы кожнаму госцю. Юныя мастакі ўдзельнічалі ў дзіцячым пленэры. А маленькія музыканты радавалі наведвальнікаў галерэі прыгожымі мелодыямі.
Завяршылася культурная падзея яскравым выступленнем фальклорнага гурта “Рада” з Мінску. Гаспадыня галерэі Жана Леановіч апісала калектыў у лепшых фарбах:
“Паўтары гадзіны асалоды і захаплення талентам і прыгажосцю гучання аўтэнтычных беларускіх песень і музычных інструментаў! Наша шчырая падзяка Вам, выканаўцы Алег Лук’янцаў, Аляксандр Жукоўскі, Васіль Мардачоў, мастацкі кіраўнік Святлана Буцкая! Ох як жа было здорава! Дарэчы, шмат песень, якія выконваюць хлопцы, сабрана менавіта імі ў экспедыцыях па ўсёй Беларусі! Дзякуй Вам за адраджэнне і захаванне глыбінных каранёў беларускай народнай песні!”