Створана з любоўю. Пяцігадовы юбілей галерэі сабраў разам даўніх і новых сяброў
❤ Нядзеля. Поўдзень. Спёка. Тыя рэдкія наваградчане, якія не з’ехалі на лецішчы ды рэкі-азёры, хаваюцца ад сонца на астраўках ценю пад дрэвамі. І толькі ў любімай галерэі Кастуся Качана віруе жыццё.
Госці, падарункі, сюрпрызы. Абсалютна самабытнае і адно з самых чароўных месцаў у горадзе адзначае ПЯЦІГОДДЗЕ! Хаця, скажам шчыра, гісторыя галерэі налічвае нашмат болей. За прыгожым фасадам шляхецкай сядзібы ля Замкавай гары стаіць цэлае жыццё і гады руплівай і плённай працы Кастуся Качана і яго жонкі, гасціннай гаспадыні месца Жаны Леановіч.
Нават калі часам было няпроста, гэтыя сонечныя і ўнікальныя людзі не гублялі веру ў сваю галерэю. Кожны куточак тут створаны з клопатам і любоўю. Гаспадары робяць усё шчыра, ад сэрца, укладваюць душу ў справу жыцця. Таму ўсе мы ўжо з парога адчуваем тутэйшую магію дабрыні і цеплыні.
Так, у першы раз большасць з нас зазірнулі ў галерэю з цікавасці, у пошуках вечнага і прыгожага. А яна ўзяла ды назаўжды пакінула ў нас свой след. І потым мы вяртаемся сюды яшчэ неаднойчы, бо палюбілі з першага погляду гэта дзіўнае месца.
На вокнах валошкі, грае музыка, гучаць вершы, у паветры лунае радасць і распадаецца на дзясяткі ўсмешак на шчаслівых тварах гасцей. Прастора творчай свабоды і месца сустрэчы сяброў, галерэя па традыцыі і свой юбілей адзначае лёгка і прыгожа, без афіцыйных прамоў і з густам.
Пасля прэзентацыі новага альбома Кастуся Качана “Жывапіс”, на імправізаванай сцэне за фартэпіяна – Ірына Букіна, на скрыпцы – Вікторыя Калодка, а на гітары – Яўген Навасад. Тут і класіка, і рок у апрацоўцы, і эксперымент. Ярка і таленавіта. Надзея Сталярчук і Анастасія Гайдук хораша дапаўняюць музыкаў душэўным вакалам. Выключная асалода для гледачоў – выступленне маленькай зорачкі Сафійкі, унучкі Кастуся і Жаны, якая ладна выконвае айчынныя і замежныя хіты. Даўнія сябры галерэі Святлана Абдулаева, Аляксандр Абадзінскі і Міхась Зізюк таксама завіталі на свята з творчымі падарункамі – вершамі ды песнямі.
Фонам гучаць віншаванні для гаспадароў галерэі. Багата людзей сабралася, каб выказаць ім словы падзякі і захаплення. Бо гэта месца, дзе ажывае не толькі мастацтва, але і шмат дабрачынных праектаў. Апошнія якраз і звязваюць галерэю з касцёлам Святога Міхала Арханёла. Пробашч парафіі ксёндз Юрый Жэгарын жадае гаспадарам і надалей ісці шляхам дабрыні і міласэрнасці і несці ў свет прыгажосць. А дырэктар дома-музея Адама Міцкевіча Мікалай Гайба нагадвае прысутным гісторыю галерэі, як на пустым зарослым месцы ўзнёсся асаблівы для Наваградка будынак, які змяніў культурнае жыццё першай сталіцы ВКЛ.
Таленавітых бацькоў Кастуся і Жану Бог адарыў і творчымі дзецьмі. Іх сын Ігнат ператварае на некаторы час галерэю ў кіназалу і зачароўвае прысутных сваімі караткаметражнымі фільмамі “Пад кронамі дрэў” і “Пагавары са мной”. Кожны з нас знаходзіць у работах маладога рэжысёра нешта сваё, і пасля прагляду прысутныя з цікавасцю распытваюць Ігната пра жыццё, творчасць і бягучую працу над дэбютным “поўным метрам”.
Незаўважна святкаванне перамяшчаецца ў гасціную, дзе за кавай і гарбатай госці і юбіляры дзеляцца да позняй ночы ўспамінамі аб праляцеўшых як адно імгненне пяці гадах і мараць аб новых праектах і будучых радасных падзеях, якія абавязкова стануць рэальнасцю. Бо ў такіх адкрытых сэрцам і светлых душой людзей, як Кастусь і Жана, не можа быць інакш.
❤ P.S. Нашы шаноўныя сябры, вы можаце пакінуць свае допісы пра мерапрыемства і наведванне галерэі ў каментарыях на старонцы “Водгукі”. Там жа вы знойдзеце ўражанні ад юбілею Святланы Кошур і Анастасіі Гайдук.
❤ P.S. P.S. У раздзеле “Публікацыі” прапануем прачытаць цудоўны матэрыял з юбілею, падрыхтаваны журналісткай газеты “Новае жыццё” Вольгай Пісар.
❤ P.S. P.S P.S. І, нарэшце, здымкі з юбілею і шмат іншых непаўторных кадраў чакаюць вас у раздзеле “Фотаальбомы”. Там шукайце альбом “З пяцігоддзем, любімая Галерэя!”