Кастусь Качан разам з сябрамі-мастакамі прысвяцілі пленэр у Багданаве Фердынанду Рушчыцу
Багатая палітра восені кліча мастакоў пакінуць майстэрні і накіравацца ў пошуках асаблівых сюжэтаў маляўнічымі маршрутамі Радзімы. І дзе, як не ў беларускай вёсцы, лепш за усё адшукаць натхненне?!
Якраз такую творчую вандроўку здзейснілі ў верасні мастакі Кастусь Качан, Алесь Суша, Алесь Грышкевіч і Віктар Сагановіч. А правялі творцы свой сяброўскі пленэр у знакамітым месцы – вёсцы Багданава Валожынскага раёна.
Менавіта тут 150 гадоў таму нарадзіўся сусветна вядомы мастак Фердынанд Рушчыц. “Майстар чатырох стыхій”, “добры сын сваёй Радзімы”, ён увасобіў хараство беларускай зямлі ў лірычных пейзажах, напоўненых светлымі матывамі і ўзнёслымі фарбамі. Такая адданасць і любоў, сапраўды, уражваюць. Нездарма 2020 год ЮНЕСКА абвясціла Годам Фердынанда Рушчыца.
Яго асобе прысвяцілі вераснёўскі пленэр і чацвёра мастакоў. На іх палотнах ізноў ажылі і зайгралі новымі фарбамі краявіды, якія калісьці натхнялі самога Фердынанда Рушчыца. Так, многія добра ведаюць яго твор “Ля касцёла”. Выяўлены на карціне драўляны храм св. Міхала Арханёла пабудавалі ў 1844 годзе , ён перажыў пажары і ў сваім сучасным выглядзе быў адбудаваны толькі ў 1999 годзе. Менавіта гэта святыня сёлета прыцягнула ўвагу мастака Кастуся Качана. Касцёл бачны адразу на некалькіх прывезеных з пленэра эцюдах, якія ўвасобіліся ў непаўторных карцінах.
Між тым, мастакі ўжо плануюць новую паездку на малую радзіму Фердынанда Рушчыца. Жадаем ім плённай творчай працы і лагоднай сонечнай восені!